“Гарадзенскія салаўі” адзначылі сваё 25-годдзе
Гурт “Гарадзенскія салаўі” адзначыў дваццаць пяць гадоў існавання супольным канцэртам з салістамі польскага Вялікага тэатру нацыянальнай оперы, запрэзентаваўшы гледачам кантату „WIDMA” Станіслава Манюшкі.
Рэдкае здарэнне для горада над Нёманам сабрала поўную залу ў мясцовым доме культуры. Супольнае выкананне лірычнай сцэны з другой часткі паэмы “Дзяды” Адама Міцкевіча, па словах кіраўніка гурта “Гарадзенскія салаўі” Аліцыі Бінэрт, стала ўжо добрай традыцыяй: два гады таму падобны канцэрт меў месца ў касцёле Святога Адкупіцеля:
– Быў наш канцэрт, і пан Роберт Дымоўскі – саліст польскага Вялікага тэатру нацыянальнай оперы яго слухаў, а пасля падышоў да мяне і сказаў, што хоча з намі заспяваць.
Аляксей Пятроў, піяніст:
– Гэта цудоўны калектыў, дзе дзеці спяваюць на розных мовах: беларускай, польскай, рускай. Не ведаю, які іншы калектыў у Беларусі здольны на такое, з імі выступаюць выдатныя салісты з Варшавы.
Чэслаў Галка, артыст польскага Вялікага тэатру нацыянальнай оперы:
– Мы ганарымся тым, што спяваем разам з такім хорам. І яны шчаслівыя, што спяваюць разам з намі.
Дзіцячы гурт “Гарадзенскія салаўі” неаднаразова гасціў з канцэртамі ў Польшчы, Нямеччыне і Вялікбрытаніі. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх паланійных фестываляў, а яго кіраўнік Аліцыя Бінэрт за сваю плённую працу адзначана польскімі і беларускімі ўзнагародамі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня