Фініш чэмпіянату Беларусі па футболе



На чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі адбыліся матчы заключнага тура. Заставалася адкрытым пытанне пра ўладальніка бронзы. Ім стаў салігорскі „Шахцёр”, які ў Берасці абыграў „Дынама” з лікам 2:1.

На 10-ай хвіліне вызначыўся Арцём Старгародскі, а праз 11 хвілінаў пенальці рэалізаваў форвард гарнякоў Мікалай Януш, які стаў лепшым бамбардзірам 25-га нацыянальнага першынства, забіўшы 15 мячоў. Ён другі год запар пераможца ў гэтай намінацыі. У складзе берасцейцаў гол у актыве ветэрана каманды Рамана Васілюка на 75-ай, з пенальці. Адзіны канкурэнт „Шахцёра” ў змаганні за бронзавыя ўзнагароды бабруйская „Белшына” на сваім полі прайграла мікашэвіцкаму „Граніту” з лікам 0:1 і засталася на 4-ай выніковай пазіцыі ў турнірнай табліцы.

У змаганні за права застацца ў вышэйшай лізе на наступны год поспех быў на баку футбалістаў „Віцебска”, якія, праўда, саступілі ў гасцях „Мінску” з лікам 2: 3. А вось „Гомелю” давядзецца ў наступным сезоне выступіць у першай лізе.  Гамяльчане  прайгралі ўладальніку срэбра менскаму „Дынама” – 1:2.

У наступным сезоне элітны дывізіён будзе пашыраны да 16 клубаў, таму яго папоўняць адразу 3 лепшыя каманды з першай лігі. Два навабранцы ўжо вядомыя – гэта „Іслач” і „Гарадзея”, а на апошнюю пуцёўку за тур да заканчэння спаборніцтваў прэтэндуюць магілёўскі „Днепр” і сталічны клуб „Крумкачы”, якія 15 лістапада сустрэнуцца ў Менску. У астатніх матчах 26-га тура 12-разовы чэмпіён Беларусі барысаўскі БАТЭ на сваім полі разграміў футбалістаў „Слуцка” – 4:1, у Гародні мясцовы „Нёман” выйграў у мазырскай „Славіі” – 3:1 (галы за гарадзенскі клуб забівалі Канцавы, Савіцкі і Бебей, у складзе «Славіі» вызначыўся Герман), а ў Жодзіна „Тарпеда-БелАЗ” і наваполацкі „Нафтан” згулялі ўнічыю – 3:3.

Выніковае становішча каманд:

  1. БАТЭ – 65 ачкоў,
  2. „Дынама” (Менск) – 53,
  3. „Шахцёр” – 49,
  4. „Белшына” – 43,
  5. „Граніт” – 42,
  6. „Мінск” – 40,
  7. „Тарпеда-БелАЗ” – 36,
  8. „Нёман” – 32,
  9. „Нафтан” – 30,
  10. „Славія” – 26,
  11. „Слуцк” – 25,
  12. „Дынама” (Берасце) – 24,
  13. „Віцебск” – 21,
  14. „Гомель” – 18.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота