Аптымізацыя ці ліквідацыя?
Аптымізацыя сістэмы адукацыі на Гарадзеншчыне прыводзіць да істотнага змяншэння прафесійна-тэхнічных установаў, сярэднеадукацыйных школаў і дзіцячых садкоў у рэгіёне. Апошнім часам сем установаў адукацыі зачынена і адзінаццаць рэструктурызавана. Галоўная прычына закрыцця – адсутнасць дастатковай колькасці вучняў. Асабліва балюча праблема паўстае ў сельскай мясцовасці, дзе па словах начальніка аддзела Упраўлення адукацыі Гарадзенскага аблвыканкама Святланы Кавалеўскай, востра адчуваецца недахоп настаўнікаў і паўстае пытанне давозу дзяцей да навучальных установаў:
– Адчуваецца недахоп настаўнікаў замежных моваў, пачатковых класаў, матэматыкі, інфарматыкі. Прыкладаюцца намаганні, каб усе дзеці мелі магчымасць даехаць да навучальных устаноў. Гэта звыш 11 тыс дзетак, задзейнічана 268 аўтобусаў.
За апошнія пяць гадоў на Гарадзеншчыне ліквідавана больш за пяцьдзясят навучальных установаў у сельскай мясцовасці. У перспектыве тэндэнцыя развіцця сельскай адукацыі прадугледжвае наяўнасць дзіцячых садкоў і школаў выключна ў аграгарадках.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня