ІП Гарадзеншчыны вызначылі толькі 3 аптовых пастаўшчыкоў
Прадпрымальнікі Гарадзенскай вобласці з новага году будуць мець магчымасць набываць нехарчовыя тавары толькі ў 3 аптовых пастаўшчыкоў.
Паводле загада Міністэрства гандлю, гэта ўнітарныя прадпрыемствы «Абутак-гандаль», «Гандаль-адзенне» і «Галантэрэя». Яны гандлююць таварамі айчыннай вытворчасці і маюць усе неабходныя дакументы, якія індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя прадстаўляць з 1-га студзеня. У пералік уваходзяць дакументы, якія пацвярджаюць набыццё, якасць і бяспечнасць прадукцыі.
Гарадзенскія прадпрымальнікі лічаць, што захады ўладаў з’яўляюцца непрымальнымі ў сучасных умовах працы:
— Навошта двойчы плаціць? Вытворца вырабляе, дык няхай ён і робіць сертыфікаты і ўсю патрэбную дакументацыю. Каб прадпрымальнік прыехаў, купіў, яму выдалі увесь пакет патрэбных дакументаў.
— Чарговая нагода павысіць падаткі.Распалілі сітуацыю, а потым крыху паслабілі, а ўсе і рады, што хоць крыху паслабілі. І цяпер ніхто не абурыцца, што павысяцца падаткі. Ніхто.
— Вось закрывайся і ўсё. Людзі не могуць купляць з тых заробкаў, Наколькі я ведаю гэта два дзвесце і крыху болей. Што за гэта можна купіць? Усе перайшлі на другасны рынак.
Гарадзенскія ўлады пачалі праводзіць сустрэчы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі рэгіёна з мэтай інфармавання пра гандлёвыя магчымасці аптовых базаў, якія гатовыя пастаўляць тавар айчыннай вытворчасці прадстаўнікам дробнага бізнесу разам з пакетам дакументаў, якія будуць неабходныя з 1 студзеня 2016 года.
Як зазначае намеснік начальніка ўпраўлення гандлю Гарадзенскага аблвыканкама Ала Лебедзева, новыя ўмовы працы павінны падштурхнуць прадпрымальнікаў больш актыўна купляць тавары мясцовых вытворцаў:
— Было падпісана каля 2 200 дамоваў з суб’ектамі малога і сярэдняга бізнесу і на 130 мільярдаў тавару ўжо адпушчана. На аптовых базах ёсць крамы-склады, дзе сёння прадпрымальнік можа разлічыцца і наяўным і безнаяўным разлікам.
Незадавальненне індывідуальных прадпрымальнікаў Гародні датычаць таксама закупачных цэнаў, якія прапануюць дзяржаўныя аптовыя пастаўшчыкі на айчынныя і імпартныя тавары. Нараканні выклікае і асартымент тавараў: ён істотна саступае таму, які бягучым часам прапануюць гарадзенскія прадпрымальнікі пакупнікам.
— Для нашага пакупніка такія цэны непрымальныя і мы проста не зможам працаваць. Вельмі высокія цэны, а людзі прыходзяць на рынак, каб знайсці нешта таннейшае.
— 90 % прадпрымальнікаў папросту не будзе. Гэта будуць беспрацоўныя людзі. Хоць прадпрымальнік і адзін, але ён адзіны прадпрымальнік у сям’і.
Прадпрымальнікі ня маюць жадання гандляваць вырабамі айчыннай вытворчасці ў сувязі з іх неканкурэнтаздольнасцю. У выпадку, калі пасля новага году не будзе дасягнутае паразуменне з уладамі, прадпрымальнікі не выключаюць правядзення бестэрміновай забастоўкі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня