У Крыме пабольшала беларускіх прадуктаў



У анэксаваным Крыме значна пабольшала прадуктаў беларускай вытворчасці. Гэта звязана найперш з безтэрміновай блакадай крымскай паўвыспы, якая распачалася 20 верасня, а таксама з нежаданнем расейскіх прадуктовых аператараў працаваць з крымскімі партнёрамі.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Да анэксіі паўвострава прадукты ўкраінскай вытворчасці складалі каля 80 % ад агульнай колькасці асартыменту. З анэксіяй іх доля скарацілася да 40 %. Пасля таго, як крымска-татарскія і ўкраінскія  актывісты фактычна перакрылі ўсе транспартныя артэрыі на Крым, колькасць украінскіх прадуктаў на тамтэйшых рынках складае не больш за 5 %.

Вытворчасць уласна крымскіх прадуктаў знізілася да крытычнага. Буйныя расейскія прадуктовыя аператары пакуль не спяшаюцца працаваць з Крымам з прычыны нізкай пакупніцкай здольнасці насельніцтва. У гэтых умовах вольную прадуктовую нішу спрабуюць запоўніць беларускімі прадуктамі. На сімферопальскіх рынках прадаецца гомельская бульба, берасцейскія малочныя прадукты, магілёўскія каўбасы. Кошты на іх яшчэ вышэйшыя за расейскія, з тае прычыны, што прадукцыю гэту даводзіцца завозіць праз Расею, у абыход Украіны.

Але ж у крымчанаў цяпер няма выбару.

У Крыме ўжо зафіксаваныя прэыэдэнты, калі прадукцыя расейскай вытворчасці прадавалася пад выглядам беларускай.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя