У гарадзенца канфіскаваная буйная партыя наркотыкаў



Гарадзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта расследуецца крымінальная справа, звязаная з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, падставай для распачынання крымінальнай справы паслужыў факт затрымання супрацоўнікамі міліцыі вечарам 29 верасня ў Гародні двух мясцовых жыхароў, 1979 і 1976 гадоў нараджэння. У першага пры сабе было знойдзена больш за адзін грам высушанага здробленага расліннага рэчыва, як устанавіла экспертыза — марыхуаны. У дачыненні да яго распачата справа па ч. 1 арт. 328 КК.

Устаноўлена, што марыхуану мужчыну перадаў для спажывання затрыманы адначасова з ім 39-гадовы знаёмы. Падчас агляду жылля апошняга следчыя знайшлі яшчэ больш за 400 г гатовай да ўжывання марыхуаны, некалькі грамаў гераіну і двух відаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў, а таксама прыстасаванні для вырабу і спажывання наркотыку. Следчыя высветлілі, што марыхуану ён вырабляў самастойна, атрымліваючы яе з канопляў, якія вырошчваў у лесе паблізу абласнога цэнтра.

Падчас праверкі паказанняў на месцы, у лясным масіве, на якое ўказаў затрыманы, было знойдзена і канфіскавана больш за 2,5 кг наркотыку.

У дачыненні да мужчыны, які вырабляў, захоўваў і збываў наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы, прыменена мера стрымання ў выглядзе зняволення пад варту. Раней ён і яго 36-гадовы знаёмы, затрыманы за захоўванне наркотыка, да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся, мелі высокааплатную працу.

Канчатковая прававая ацэнка дзеянням фігурантаў крымінальнай справы будзе дадзена па выніках расследавання крымінальнай справы.

belapan.by