Лінас Лінкявічус з афіцыйным візітам у Менску (абноўлена)



Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус на заканчэнне свайго візіту ў Беларусь сустрэўся з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. З беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі Алесь Бяляцкі, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў і Павал Севярынец.

„Мы гаварылі пра неабходнасць зменаў выбарчага заканадаўства. Тут у нас была поўная салідарнасць,” – кажа Уладзімір Някляеў.

– Мы мелі на ўвазе найперш парламенцкія выбары і змены заканадаўства пад гэтыя выбары. Каб людзі, якія пойдуць на гэтыя выбары, былі б абраныя, а не прызначаныя рэжымам, не прызначаныя Лукашэнкам. У там выпадку, калі выбары будуць свабоднымі, апазіцыя пойдзе на іх. Канешне, гэта будзе істотны прарыў у тых чаканнях, які ўсе мы маем.

Санкцыі замарожаныя, але не прывязаныя да крытэраў зменаў у Беларусі. Лінкявічус прызнаў, што крытэраў сапраўды няма. Аднак ён лічыць, што можна і патрэбна гаварыць пра тое ж заканадаўства, прастору свабоды, афіцыйную рэгістрацыю арганізацыяў ды іншыя рэчы.

* * *

Падчас афіцыйнага візіту ў Менск міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. Пасля гэтага адбылася сустрэча Лінаса Лінкявічуса з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Сярод яе ўдзельнікаў быў кіраўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі. У размове з кіраўніком МЗС Літвы ён падняў перш за ўсё праваабарончыя пытанні.

– Пры размове з беларускімі ўладамі мы чакаем ад палітыкаў Еўразвяза і ад уладаў Літвы, якая з’яўляецца сябрам Еўразвяза, на гэты перыяд, замарожвання санкцый супраць пэўных беларускіх службоўцаў, нужна распрацаваць выразны крытэрый у ацэнцы прагрэса Беларусі ў сітуацыі з правамі чалавека. Выразныя крытэрыі мусяць быць абнародаваныя. Яны мусяць быць пунктам перамоваў з беларускімі ўладамі, таму што на сённяшні час вось гэтая паўза паслявыбарчая зацягнулася.

„З аднаго боку, санкцыі замарожаны. З другога боку, беларускія ўлады ніяк не тлумачаць, што яны збіраюцца рабіць далей адносна грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Таму для Еўразвяза ёсць патрэба і сэнс размаўляць з беларускімі ўладамі, але прапанаваць ім прыняць абавязкі па правядзенню ключавых рэформаў у сферы захавання правоў чалавека ў Беларусі. Калі б былі такія рамачныя ўмовы, тады б дастаткова проста было вярнуцца да гэтага дакумента і паглядзець, што зроблена, а што не,” – лічыць Алесь Бяляцкі.

* * *

„Беларусь разлічвае, што санкцыйная логіка ЕЗ у дачыненні да краіны адыдзе ў нябыт”, – пра гэта сёння журналістам заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках перамоваў з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Літвы Лінасам Лінкявічусам.

000020_895677_big

«Мы разлічваем, што санкцыйная логіка Еўразвяза ў дачыненні да нашай краіны ўсё-такі адыдзе ў нябыт, і мы цэнім канструктыўную пазітыўную пазіцыю нашых літоўскіх партнёраў па гэтым пытанні», – прыводзіць БЕЛТА словы Уладзіміра Макея.

Планавалася, што на сустрэчы з беларускім міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем кіраўнік МЗС Літвы абмяркуе адносіны Еўразвяза з Беларуссю, і найбольш актуальны парадак працы двухбаковых адносін: пытанні транспарту, энергетыкі, навакольнага асяроддзя, Астравецкай АЭС, сельскай гаспадаркі, пагранічнага ўзаемадзеяння, паведаміла міністэрства.

* * *

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі сустрэнецца сёння з прадстаўнікамі афіцыйнай улады і дэмакратычнай супольнасці.

linas-antanas-linkevicius-60808893

Галоўнай тэмай сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам стануць змены ў выбарчым заканадаўстве. Сказаў лідар руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», Уладзімір Някляеў:

– Калі мы і наступную палітычную кампанію парламенцкіх выбараў правядзём па тых законах, якія зараз існуюць, то ізноў будзе прызначаны парламент, ізноў будзе закансерваваная сітуацыя і нічога ў бліжэйшай перспектыве не зменіцца. Тады паўстае пытанне – пра што дыялог паміж Еўразвязам і Лукашэнкам пры ягонай заяве, што ніякіх рэформаў ён рабіць не збіраецца? Вось асноўная тэма нашай размовы.

На сустрэчу з літоўскім дыпламатам запрошаны таксама лідар АГП Анатоль Лябедзька ды былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010-га году Мікалай Статкевіч. Палітыкі будуць таксама закранаць пытанне рэабілітацыі палітычных вязняў.

* * *

Сёння ўвечары пачынаецца візіт ў Беларусь кіраўніка Міністэрства замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса. «На сустрэчы з беларускім міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем кіраўнік МЗС Літвы абмяркуе адносіны Еўразвяза з Беларуссю і найбольш актуальныя пытанні двухбаковых адносінаў: транспарт, энэргетыку, навакольнае асяроддзе, Астравецкую АЭС, сельскую гаспадарку, памежнае ўзаемадзеянне», — гаворыцца ў інфармацыі на сайце знешнепалітычнага ведамства Літвы.

У праграме наведвання Беларусі Лінасам Лінкявічусам заўтра прадугледжана і сустрэча з апазіцыйнымі палітыкамі.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

– Да нас прыязджае міністр замежных спраў Літвы і будзе сустрэча з палітыкамі. Спадзяюся, што там будзе Статкевіч і Някляеў. Мы будзем размаўляць пра дарожную мапу, пра сваё бачанне, як адбудоўваць адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам, якое мы накіравалі кіраўніцтву Еўразвяза і Еўрапарламента.

Апошні раз Лінкявічус наведваў Менск з візітам у ліпені 2014 году.

* * *

У чацвер, 12 лістапада Менск з аднадзённым візітам наведае міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

Інфармацыю пра гэта пацвердзілі ў МЗС Літвы:

– Міністр наведае Беларусь, сустрэнецца з міністрам замежных спраў Макеем, абмяркуе шэраг пытанняў супрацоўніцтва ў розных сферах. Пасля гэтых сустрэч будзе прэс-рэліз і міністр дасць інтэрв’ю.

Таксама запланаваныя сустрэчы кіраўніка літоўскага МЗС Лінаса Лінкявічуса з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя