Тысячы вернікаў пакланіліся мошчам святой Марыі Магдаліны (абноўлена)



Людзі просяць для сябе і сваіх сем’яў здароўя, лепшага жыцця і міру на зямлі. Тысячы вернікаў пакланілася мошчам святой Маріі Магдаліны і часціцы Крыжа Гасподнега ў саборы Святога Мікалая ў Беластоку, кажа настаяцель сабора айцец Ян Федарчук:

– Для нас гэта вялікая падзея. Гэта відаць па той колькасці вернікаў, якія прыйшлі сюды.

Вернікі:

– Я прашу здароўя дзецям, унучкам, сабе і цэламу свету. Малюся, каб не было вайны, каб мір быў на зямлі.

– Будзем стаяць, пакуль здароўе дазваляе.

– Вельмі  хачу пакланіцца мошчам святой Марыі Магдаліны і Крыжу Гасподняму. 

Яшчэ да поўдня мошчы Марыі Магдаліны павязуць у Вроцлаў.

Святыя мошчы ў Польшчу прывезлі манахі з гары Афон. Апрача Беластока святым рэліквіям маглі пакланіцца жыхары Бельска Падляшскага, Гайнаўкі і вернікі ў часе свята Праабражэння Гасподняга на Грабарцы.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Мошчы святой Марыі Магдаліны і Жыццятворнага Панскага Крыжа прыбылі ў Бельск Падляшскі. Рэліквіям усю ноч пакланяліся  праваслаўныя і рымакаталікі. “Не спадзяваўся на такую колькасць людзей, ахвотных пакланіцца мошчам”, – кажа каардынатар візіту мошчаў Давід Мартынюк:

–      Людзей сабралася вельмі шмат. Але хачу адзначыць, што шмат прыйшло і каталікоў. Мы, праваслаўныя, прызвычаіліся доўга стаяць і чакаць гэтыя мошчы. Прыходзіць шмат хворых. Дзякуй Богу, што ў Бельску шмат праваслаўных. І ўсе яны прыйшлі павітаць мошчы.  

Зараз у царкве Святога Міхаіла Арханёла ў Бельску Падляшскім праходзіць багаслужба. Затым будуць чытаць акатысты да святой Марыі Магдаліны. У 13.30 мошчы  адпраўляюцца ў Кляшчэлі і далей на святую Гару Грабарку.

[Not a valid template]

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара