„У нашай падляшскай краіне”



У непублічным дзіцячым садку №1 імя Святога Дзіцяткі Гаўрыіла ў Бельску Падляшскім рэалізуецца аўтарская адукацыйная праграма „У нашай падляшскай краіне”. Яна дапамагае пазнаёміцца з культурай беларусаў Падляшша. Стварылі яе настаўніцы Яанна Хількевіч і Марта Зінкевіч. “Намагаемся, каб нашыя дашкольнікі ведалі культуру сваіх бацькоў ды дзядоў. І перадусім – беларускаую культуру,” – кажа Яанна Хількевіч:

– Нашы бацькі ўжо ведаюць, што гэты дзіцячы садок мае такі профіль: па-першае, праваслаўны, духоўны, а па-другое, мы тут развіваем беларускую культуру і сягаем да каранёў беларускай культуры. Гэта падабаецца дзеткам. На кожным занятку трошку гаворым пра тое, адкуль мы, хто мы, як гаворым.

Дзеткі вучацца беларускай мове таксама праз шматлікія конкурсы, якія ладзіць беларускае асяроддзе на Падляшшы. Важным пунктам праграмы ёсць экскурсіі ў месцы, звязаныя з гісторыяй гэтых жа беларусаў. У пляцоўцы дзейнічае беларускі дзіцячы калектыў “Лянок”.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск

Фота: prawoslawneprzedszkole.pl