Някляева, Статкевіча і Вінярскага пакаралі штрафамі (абноўлена)
Пяцьдзясят базавых велічыняў, ці інакш па дзевяць мільёнаў рублёў, – такімі штрафамі пакаралі Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева і Максіма Вінярскага за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, якая прайшла 29 кастрычніка каля будынку КДБ на праспекце Незалежнасці. Ніводзін з іх у суд не з’явіўся, іх пакаралі завочна. Яшчэ напярэдадні Уладзімір Някляеў сказаў:
– Я не пісаў ніякай заявы, я не хадзіў на гэтыя суды і не пайду. Паперу псаваць няма ніякага сэнсу ў дадзеным выпадку. Усё загадзя вядома. Магу сказаць, колькі там будзе – 9 мільёнаў штрафу, максімальнае пакаранне, якое па гэтым артыкуле прадугледжана.
Суд над старшынём АГП Анатолем Лябедзькам перанесены на 20 лістапада паводле ягонага хадайніцтва.
Суд над старшынём АГП перанесены. Разгляд адміністратыўнай справы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў судзе Цэнтральнага раёна Менска перанесены па ягонай заяве на 20-га лістапада. Прычым, у той жа дзень а 15-й у Менскім гарадскім судзе Анатоль Лябедзька будзе абскарджваць ранейшую пастанову суда Цэнтральнага раёна аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у іншай акцыі апазіцыі.
12 лістапада павінен быў адбыцца суд над палітыкам за ўдзел у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якая адбылася каля будынка КДБ у Менску 29-га кастрычніка.
* * *
Суд будзе разглядаць адміністрацыйныя справы ў дачыненні да лідара руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», паэта Уладзіміра Някляева за ўдзел у вулічных акцыях. Як паведаміў палітык, на суд ён не збіраецца:
– Я раней не хадзіў на гэтыя суды і зараз не пайду. Усё загадзя вядома. Я магу сказаць, што мне прысцдзяць 10 млн штрафу – максімальнае пакаранне, якое прадугледжвае гэты артыкул.
На сёння таксама запланаваны суд у дычыненні да старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Ён аднак збіраецца ў гэты час на сустрэчу з міністрам замежных спраў Літвы:
– Напісаў заяву, каб яны перанеслі разгляд маёй справы на 20 лістапада. Бо 20 у мяне ўжо ёсць яшэ адно судовае паседжанне на ўзроўні Менскага гарадскога суда, спадзяюся, што перанясуць. І да абеда я буду ў судзе Цэнтральнага раёна Менска, а пасля абеда – ў гарадскім судзе.
Падчас акцыі ля будынка Камітэта дзяржаўнай бяспекі 29-га кастрычніка міліцыянты склалі пратаколы таксама на былога палітвязня Мікалая Статкевіча і актывіста „Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org