Былы савецкі дысідэнт: Добрыя тыя беларусы



Словазлучэнне “савецкі дысідэнт” звычайна выклікае прыблізна такія асацыяцыі: шчыльная коўдра на акне, россып друкарскіх шрыфтоў, Салжаніцын, праслушка тэлефонаў, “закрытыя суды”, спецыялізаваныя лагеры ў Мардоўскай АССР і эміграцыя на Захад.

Насамрэч, дысідэнтамі ў той ці іншай ступені была большасць савецкіх грамадзянаў.Прынамсі, за часамі “развітога сацыялізму”. Антысавецкія анекдоты ў курылках, праслухоўванне варожых радыёгаласоў па начах, кантакты з іншаземцамі, мастацкі авангард, рок-музыка, і нават джынсы – усё гэта было своеасаблівымі праявамі дысідэнцтва.

Але толькі нямногія наважваліся фармаваць гэтае стыхійнае дысідэнцтва ў свядомае іншадумства, а ўжо неяк звязаць яго з нацыянальна-вызваленчымі ідэямі – і пагатоў.

У царкве Святога Аляксея, Чалавека Божага, што на Чарнігаўшчыне, святаром служыць а. Марк Луганоўскі. Мала хто ведае, што ў васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя а. Марк вазіў ва Украіну антысавецкую літаратуру з Вільні, прытым заўсёды праз Беларусь.

Як працавала савецкае КГБ напрыканцы васьмідзясятых? Якую дысідэнцкую літаратуру вазілі ва Ўкраіну праз Беларусь? Чаму гэты святар мае сентыменты да нашай краіны?

З а. Маркам пагутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

2015-11-12_achromienka_dysydent_ukraina_belarus_hutarka

а. Марк: Так выйшла, што я першым павесіў у Чарнігаве наш нацыянальны сцяг напрыканцы васьмідзесятых. Было гэта на галоўнай вуліцы – імя Леніна. Тады яна менавіта так і называлася, а не, як цяпер — «праспект Міра». Натуральна, да мяне хадзілі міліцыянты, і не толькі яны. Праваахоўнікі ведалі, што я быў ва «Украінскай Хельсінскай суполцы», і ў маёй кватэры быў штаб. Сцяг той вісеў у мяне на балконе ажно два гады, амаль да моманту абвяшчэння Ўкраіны незалежнай дзяржавай. Праўда, у 1991 годзе сцяг той пашматавалі… Мы з актывістамі «Украінскай Хельсінскай суполкі» паехалі ў Нежын, каб агітаваць там за незалежнасць нашай краіны. Зладзілі мітынг, разгарнулі сцяг, а ён у нас быў адзін… І тут невядома адкуль з’яўляюцца КДБ-шнікі, выхопліваюць сцяг і шматуюць яго на кавалкі! Цяпер гэты сцяг – экспанат Чарнігаўскага краязнаўчага музея…

РР: Вы ведалі вялікага ўкраінца і дысідэнта, якога звалі…

Ляўко Рыгоравіч Лук’яненка. Гэты чалавек сядзеў за свае перакананні ў савецкіх канцлагерах. Ён чарнігаўскі, я таксама чарнігаўскі. Ён і прапанаваў мне ўступіць ва «Украінскую Хельсінскую суполку». Я тады быў зусім маладым – 21 год… Быў ужо 1989 год. Маім заданнем было — вазіць літаратуру, якая тады лічылася “антысавецкай” і “забароненай”, з Літвы.

РР: А што гэта была за літаратура?

а. Марк: Пераважна газеты і часопісы – праўкраінскага і антыкамуністычнага накірунку. І вось, атрымліваю я пакунак з гэткай літаратурай у Вільні. Ехаць у Чарнігаў вырашыў электрычкамі і кружнымі шляхамі. Але ж у Магілёўскай вобласці надарылася прыкрая неспадзяванка: мяне асачылі і хацелі арыштаваць проста ў тамбуры. Я, праўда, паспеў заскочыць разам з пакункам у прыбіральню, і калі цягнік праходзіў праз пэўную мясцовасць, выкінуў тую літаратуру праз акно. Бо ведаў, што беларускія дысідэнты, з якімі ў нас былі добрыя кантакты, яе ўратуюць. Але ж у прыбіральні сядзець увесь час не выпадала і давялося ўжо ў Магілёве выходзіць ды здавацца… У выніку, мяне арыштавалі і завезлі ў нейкі райаддзел міліцыі. Але людзі, якія там мяне дапытвалі, былі дакладна не міліцыянтамі. Безумоўна, гэта былі камітэтчыкі…

РР: Чаму вы так вырашылі?

Тады яны хадзілі ў аднолькавых строях, нібы з інкубатара, і твары характэрныя… Пасадзілі мяне ў камеру папярэдняга зняволення, потым павялі на допыт. Мне нейкім цудам удалося з той міліцыі ўцячы. І вось – снежань месяц, я ў спартовых штанах і кашулі, іду па шашы да Гомеля, а гэта – 168 кіламетраў. Цёмна, халодна, я ўвесь замерз. Бачу, нейкая хата. Пагрукаўся. Тыя людзі мяне пусцілі, пасадзілі за стол, падарылі вопратку і нават прапанавалі пераначаваць. Добрыя тыя беларусы! А вось, для параўнання, апынуўся я неяк у падобнай сітуацыі ў Расеі. Таксама папрасіўся на начлег, бо была невыкрутка. І што мне, там адказалі, як вы думаеце: «Ты что, с вонючей Хохляндии приехал?» Мне так крыўдна стала… Я не кажу, што ў нас ва Ўкраіне няма паганых людзей, таксама не бракуе! Але каб так адказаць і на вуліцы пакінуць…

РР: Ёсць такое меркаванне: святар – заўсёды па-за палітыкай. Як так выходзіць, што вы, з аднаго боку – душпастар, а з другога – дысідэнт і чалавек палітычна актыўны?

—  Калі я займаўся дысідэнцкай дзейнасцю, дык яшчэ не быў святаром.

РР: Але ж вы не здрадзілі сваім поглядам і дагэтуль!

— Так, я найперш – святар. Але ж я – патрыёт Украіны. Таму можна сказаць, што я яшчэ крыху і палітык.

РР: Падчас вандровак у Беларусь ці праз Беларусь вы хоць раз сутыкаліся з негатыўным стаўленнем у нас да ўкраінцаў?

—  Ды Божа збаў! Ніколі з такім не сустракаўся: ані з паганым да сябе стаўленнем, ані нават з благімі словамі на наш адрас…

Падчас леташніх падзеяў на кіеўскім Майдане а. Марк разам з іншымі святарамі Украінскай праваслаўнай царквы быў разам з народам і нават атрымаў параненне ад “беркута”. Паводле а. Марка, менавіта Майдан расплюшчыў народу вочы на тое, што адбываецца ва Украіне і што трэба рабіць, каб уратаваць свой Край.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svoboda.fm