Лявон Баршчэўскі: Да нацыянальных сімвалаў бруд не прыліпае



Грамадскі дзеяч і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Лявон Баршчэўскі распавядае пра тое, чаму ідэолагі апошнім часам накінуліся на нацыянальныя сімвалы.

Днямі ў Акадэміі кіравання сабраліся навукоўцы і дзяржаўныя чыноўнікі, каб абмеркаваць тое, як прывучыць моладзь паважаць афіцыйную сімволіку і адолець сваіх апанентаў. Тых, для каго нацыяныльнымі сімваламі з’яўляюцца бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.

«Сімволіка, звязаная з БНР, калабарантамі і перыядам пачатку 1990-х — гэта сімволіка няўдачнікаў. Тых, хто не змог пераканаць беларускі народ і даказаць сваю здольнасць у дзяржаўным кіраванні. Гэта сімвалы лузераў», — заявіў навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Аляксей Дзермант.

tarantino-by-16_zjezd_sbp-2357

Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі: З аднаго боку насамрэч сярод моладзі расце папулярнасць «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. З іншага, заўсёды ж знаходзяцца людзі, якія хочуць выслужыцца перад гэтай уладай. І хочуць, каб іх заўважылі, а іх усё не заўважаюць. Яны ўжо такія высілкі робяць, так напінаюцца, што пачынаюць гаварыць нейкія смешныя і абсурдныя рэчы. “Пагоня” не патрабуе гістарычнага апраўдання Дзерманта ці яшчэ некага. Гэта сімвал, які існуе, як дзяржаўны, з канца 13 стагоддзя. Таму ўсе гэтыя круглыя сталы – спроба выслужыцца. Я так гэта ўспрымаю.

РР: Чаму нацыянальныя сімвалы ў апошні час сталі набываць сярод моладзі ўсё большую папулярнасць?

Калі зменіцца сітуацыя і здымуцца забароны, то нацыянальныя сімвалы ажывуць незвычайна. Я памятаю футбольны матч зборных Беларусі і Галандыі ў чэрвені 1995 года, ужо пасля рэферэндуму. Увесь стадыён быў бел-чырвона-белы! Людзі пасля выйгранага матча ехалі дадому з гэтымі сцягамі ў гарадскім транспарце. Відовішча было незабыўнае. Таму абсалютна відавочна, што старажытныя сімвалы ні забараніць, ні загнаць у падполле немагчыма. Можна прыглушыць і навешваць на іх усялякі бруд. Але да нацыянальных сімвалаў гэта не прыліпае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя