Урад Эвы Копач падаў у адстаўку
12 лістапада адбылося першае паседжанне польскага Сойму, падчас якога абраныя ў дэмакратычных выбарах дэпутаты склалі прысягу. У сваёй прамовы ў Сойме прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў спадзяванне, што новы парламент правядзе адпаведныя змены ў Польшчы. Ён адзначыў, што падчас галасавання палякі выбралі змены ў многіх сферах. Прэзідэнт падзякаваў палякам за выбар новага парляменту.
– Выбаршчыкі выказаліся за змены, якія павінны закрануць шэраг аспектаў жыцця Рэчыпаспалітай. Маю вялікую надзею, што гэты Сойм на гэтае заданне адкажа пазітыўна і гэтыя змены наступяць.
Урад Эвы Копач падаў у адстаўку. У Палацы прэзідэнта прэм’ер-міністар Эва Копач і чальцы яе кабінету міністраў сустрэліся з прэзідэнтам. Цяпер да часу паўставання новага ўраду, які узначаліць Беата Шыдла, Эва Копач застаецца выконваючай абавязкі прэм’ер-міністра.
Падчас першага паседжання парламенту таксама быў абраны маршалак Сойму, якім стаў Марэк Кухцінскі.
Ужо вядома, што будзе толькі 5 віцэ-маршалкаў. З партыі „Права і справядлівасць” гэта Ёахім Брудзінскі і Рышард Тэрлецкі. Ад „Навачэснай” віцэ-маршалкам будзе Барбара Дольняк, ад „Грамадзянскай платформы” – Малгажата Кідава-Блоньска. Ад руху Кукіза – Станіслаў Тышка.
Упершыню Польская сялянская партыя і яе прыхільнікі не будуць мець свайго прадстаўніцтва ў прэзідыуме польскага Сойму ад 89-га году.
Маршалкам Сенату абраны таксама прадстаўнік партыі „Права і справядлівасць” Станіслаў Карчэўскі.
* * *
12 лістапада адбудзецца першае паседжанне абранага ў кастрычніку новага парламенту. Парламенцкую большасць мае дагэтуль апазіцыйная партыя Права і Справядлівасць. У восьмым скліканні Польскага Сойму, упершыню пасля пераменаў 1989 года, не будзе прадстаўнікоў левых сілаў. Ужо праз гадзіну адбудзецца першае паседжанне Сойму.
На ім выступіць прэзідэнт Анджэй Дуда, а дэпутаты прымуць прысягу.
Пасля гэтага прэм’ер-міністар Эва Копач і яе ўрад пададуць у адстаўку. Падчас першага паседжання будуць абраныя маршалак Сойму, яго намеснікі і чальцы Дзяржтрыбуналу.
А 17-й гадзіне польскага часу распачнецца паседжанне Сенату, якое адкрые прэзідэнт Анджэй Дуда.
Эва Копач будзе выконваць абавязкі прэм’ер-міністра Польшчы да моманту склікання новага ўраду, які узначаліць Бэата Шыдло.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sejm.gov.pl