Алег Волчак: Чыноўнікі-карупцыянеры – гэта тыповыя прусакі



Беларускія ўлады чарговы раз вырашылі пазмагацца з карупцыяй. Што атрымаецца з гэтай спробы і ці варта наогул ваяваць з тым, што не можаш перамагчы? Пра гэта распавядае былы следчы пракуратуры, а зараз кіраўнік арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак.

Барацьба з карупцыяй становіцца ў Беларусі ўжо нацыянальнай традыцыяй. Праўда, колькі не ваююць з карупцыянерамі, менш іх не становіцца. Хутчэй – наадварот.

Зараз улада робіць чарговую спробу пайсці ў наступленне на аматараў паласавацца за дзяржаўны кошт. Арыштаваны два сенатары, гучаць заявы, што “літасці нікому не будзе”, на сайце Генпракуратуры і на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале надрукавалі для грамадскага абмеркавання закон “Аб барацьбе з карупцыяй”. Ці зменшыць новы закон колькасць карупцыянераў?

Алег Волчак: Я думаю, на сёняшні моман і тое заканадаўства, якое ёсць, дае інструменты змагання з карупцыянерамі. Там хапае артыкулаў па службовым злачынствам, дастаткова сілавых структур, якія супрацьстаяць карупцыі: Следчы камітэт, КДБ, Грамадска-аналітычны цэнтр, аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю…

Я наогул не бачу праблемы ў тым, што нешта можа перашкаджаць сілавікам лавіць карупцыянераў. Кожны дзень можна за краты адпраўляць. Таму навошта ствараць нейкія новыя законы, калі гэта нічога не зменіць?

Паглядзіце, колькі антыкарупцыйных праграм было прынята за апошнія 15 гадоў. І дзе эфект? Думаеце, пасля прыняцця закона “Аб карупцыі” нешта моцна зменіцца? Давайце праверым гэта, скажам, гады праз тры.

РР: Кажуць, што тыя гучныя справы, якія на слыху, – гэта толькі кветкі. Ягадкі – схаваная карупцыя, якая прапісалася практычна ва ўсіх сферах. Ці так гэта?

Алег Волчак: Безумоўна. І так будзе, пакуль улада не звернецца да грамадскасці, бо сама адміністратыўная сістэма не ў стане эфектыўна весці барацьбу з карупцыяй. Неабходна супрацоўніцтва з праваабаронцамі.Трэба не з апошнімі змагацца, а сумесна рабіць адну карысную справу. Колькі разоў мы падавалі сігналы на тыя ці іншыя факты карупцыі. Ніякай рэакцыі. Таму сёння трэба не нешта новае прыдумваць, а правільна выкарыстоўваць закон. Адказна і прафесійна. Вось тады будзе вынік.

РР: А як сітуацыю можа змяніць новы закон “Аб карупцыі”?

Алег Волчак: Паўтаруся, практычна нічога ён не зменіць. Напрыклад, згодна з новым законам чыноўнікі павінны будуць дэклараваць прыбыткі і сваіх блізкіх. І што гэта дасць? Зменіцца тое, што зараз чыноўнік будзе запісваць свае прыбыткі не на бабулю, а на нейкіх знаёмых. Знойдуць такіх, я ўпэўнены. Нашы чыноўнікі-карупцыянеры – гэта тыповыя прусакі. Чым больш іх травяць, тым больш яны прызвычайваюцца да любых умоў існавання.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя