Макей спадзяецца на поўнае скасаванне санкцый



Беларусь разлічвае, што санкцыйная логіка ЕЗ адносна краіны кане ў лету. Пра гэта журналістам заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках перагавораў з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Літвы Лінасам Лінкявічусам.

„Мы разлічваем, што санкцыйная логіка Еўразвяза адносна нашай краіны ўсё ж такі кане ў лету, і мы цэнім канструктыўную пазітыўную пазіцыю нашых літоўскіх партнёраў па гэтым пытанні”, – падкрэсліў Уладзімір Макей.

У сваю чаргу Лінас Лінкявічус звярнуў увагу на канструктыўную атмасферу, якая складваецца ва ўзаемадзеянні Беларусі і Літвы, што трэба выкарыстоўваць якраз на карысць не толькі двухбаковых адносін, але і міжнароднага клімату ў цэлым.

Літоўскі бок, як адзначыў міністр, „жадае прагрэсу Беларусі ў пашырэнні падрыхтоўкі пагадненняў пра спрашчэнне візавага рэжыму”. „Мы хочам, каб беларускія грамадзяне маглі больш свабодна ездзіць у Еўропу, сустракацца, супрацоўнічаць. Гэта агульная мэта”, – падкрэсліў Лінас Лінкявічус.

belta.by