Віктар Васільеў: “Лістапад-2015 усё-ткі атрымаўся!”



Увечары ў 18.30 у кінатэатры “Масква” – закрыццё традыцыйнага, 22-га па ліку, Менскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Гэтым разам на ім былі прадстаўленыя 184 фільмы з 60 краін. У тым ліку, 91 ігравы фільм, 70 дакументальных ды 23 анімацыйныя ленты. Паказы ішлі ў 5 сталічных кінатэатрах. Якія прамежкавыя вынікі фэсту, яго ўплыў на будучыню айчыннай кінематаграфіі? Наш карэспандэнт Віталь Сямашка сустрэўся са старшынёй Беларускага саюза кінематаграфістаў, дацэнтам кафедры рэжысуры, кіно і ТБ Акадэміі мастацтваў, акцёрам Віктарам Васільевым. Між іншым, Саюз – адзін з арганізатараў “Лістапада”.

РР: Спадар Віктар, нават геаграфія “Лістапада 2015” уражвае. Ад польскага фільма Малгажаты Шумеўскай “Цела”, да японскай стужкі Тацуо Кобаясі “Звязаныя смерцю”. Адбылося шмат розных па якаснаму ўзроўню падзей – але менавіта наяўнасць адценняў упрыгожвае фэст. Да прыкладу, сустрэча знакамітай францужанкі Фані Ардан з нашай першай Нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексеевіч і паказ скандальнай, нават забароненай у расейскім пракаце, эратычнай драмы “Каханне” аргентынца ГаспАра НаЭ. Ці можна казаць, што “Лістапад-2015” атрымаўся?

ВАСІЛЬЕЎ: Атрымаўся! Па-першае, гэта знаёмства з рознымі культурамі, якія блізка не ведаем і якія для нас выходзяць літаральна на вялікі экран. Па-другое, у кінатэатрах “Масква”, “Мір” – поўныя аншлагі і пошук “лішніх білецікаў”. Як на таго ж Андрэя Курэйчыка – людзі хочуць ведаць, што стаіць за яго эпатажам, якая яго творчасць. Калі мяне спытваюць, чаму выбіраюць тыя фільмы для конкурснага паказу, а не іншыя, зазначу галоўнае. Фестывальнае кіно акурат і адметнае тым, што яно адмысловае, дзе кожны аўтар цэніцца за ўласнае “я”, за думку, што хоча данесці. І ад яго залежыць які будзе акцёр – аголены, самотны ці дурашлівы…

IMG_0734

РР: У рулетку граць не будзем, хто атрымае гран-пры?

ВАСІЛЬЕЎ: Не, бо на сёння адбірае ўсіх кіраўнік дырэкцыі Ігар Сукманаў – аднаасобна. Мы ўвесь час спрабуем даводзіць, што Саюз кінематаграфістаў са сваімі прафесіяналамі павінен удзельнічаць у адборы – тады і фестывальны рэпертуар будзе больш разнастайным!

РР: Тым не менш, беларускае ігравое кіно – “было прадстаўленае ў меншай ступені” (цытата адмыслоўцаў). Хоць ластаўка новага падыходу да кінапрацэсу – “ГараШ” узгаданага Курэйчыка і з удзелам саліста “Нейрадзюбеля” Аляксандра Кулінковіча. Андрэй зняў яго за ўласныя грошы за рэкордна нізкую суму ў 5 тысяч даляраў…

ВАСІЛЬЕЎ: На нашым апошнім з’ездзе шмат гаварылася пра тое, што дзяржава мусіць датаваць кінематограф – і дзякуй, што гэта робіць! Але калі ласка – 70% усёй сумы на “Беларусьфільм”, а 30%, як гэта робіцца ў той жа Расеі, – незалежным кінакампаніям. Каб хоць за гэтыя капейчыны маглі рабіць не на заказ, а цікавае і таленавітае кіно!

РР: Дарэчы, шчыра скажам і пра тое, што хутчэй за ўсё прафесіяналы будуць адхіленыя і ад фінансаў. Міністр культуры Міхаіл Святлоў агучыў лічбу, што ў наступным годзе фінансаванне кіно дзяржавай скарочана з 90 да 60 мільярдаў BLR…

ВАСІЛЬЕЎ: А ў мяне шмат сведчанняў ад знаёмых рэжысёраў ды сцэнарыстаў, што іх сцэнарыі, якія праходзяць праз пэўныя рукі, ад якіх залежыць іх лёс, некуды незваротна знікаюць…

РР: У звяз з гэтым не магу не спытаць, чаму не быў узяты ў конкурсную праграму “Лістапада” “Мы, браты” – першапачаткова “Авель”, для замежнага кінапракату “Код Каіна”? Перад прэм’ерай я гутарыў з рэжысёрам Сяргеям Ждановічам, які казаў пра імкненне выйграць адборачны тур на прэстыжным кінарынку ў Канах, але атрымаў у чэрвені на “Кінашоку” ў Анапе – не дай божа кожнаму – званне “галоўнага расчаравання году”. Але хіба гэта не падстава здымаць яго з “Лістапада”?!

ВАСІЛЬЕЎ: Давайце скажам шчыра. За апошні час у нас гэта адзін з яркіх фільмаў. У якім, пэўна што па сэнсу намяшанага ўсяго, але ёсць прафесійны падыход да кінематографа. Гэта тое, пра што казаў – адсутнасць прафесіяналаў і разнастайнасці меркаванняў пры конкурсным адборы! Я ж упэўнены, што айчынныя кінематаграфісты могуць рабіць кіно не горшае, чым расейцы. Хоць сёння гэта яшчэ і бізнэс – я, як акцёр, не вытрымаў бы канкурэнцыі з Інакенціям Смактуноўскім. Зрэшты, заканчваецца будаўніцтва на кінастудыі новага павільёна – спадзяёмся, праца пойдзе. Мы ж у Саюзе працуем над арганізацыяй новага, толькі беларускага, фэсту з максімальнай магчымасцю узаемных стасункаў прафесіяналаў.

РР: У гэтым сэнсе вельмі паказальна, што сёлетні “Лістапад” прысвечаны памяці аднаго са старэйшых сябраў каманды фестывалю, патрыярха кінакрытыкі ды гісторыка кіно Алы Бабковай. Мы разам з Вамі былі на паховінах і бачылі, як глыбокая павага да Прафесіянала аб’яднала там такіх розных па перакананнях і творчых манерах людзей, як акцёр Гасцюхін, рэжысёры Рыбараў і Дашук…

ВАСІЛЬЕЎ: Не магу не пагадзіцца – Ала была, як кажуць, чалавекам “ад сахі да бога”. Колькі несла ў сябе энергіі, праўды, моцы духа, нязломнасці, годнасці ды інтэлігентнасці! Якая заўжды пераадольвала і ў іншых пыху ды глупства. Пры ёй пры адборы і з’яўлялася заўжды нешта, пра што потым гаварылі. У гэтых якасцях заклад поспехаў і будучых “Лістападаў”!

Тэлеверсія закрыцця “Лістапада” будзе прадстаўленая 14 лістапада ў 14.30 у эфіры “Беларусь-1”.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя