Пінск рыхтуецца да “Дажынак-2014”



Два тыдні засталося да завяршэння будаўнічых прац у Пінску, які сёлета з’яўляецца сталіцай берасцейскіх “Дажынак-2014”.

Zastauka_Pinsk_Dazynki

Галоўныя працы па-ранейшаму адбываюцца ў цэнтры горада. Для аўтамабільнага руху адкрылі транзітны маршрут у столінскім напрамку. Жыллёва-камунальныя службы праводзяць азеляненне адрэстаўраваных аб’ектаў і пешаходнай зоны.

Грамадскі актывіст Вадзім Макееў адзначае, што гараджане вітаюць абнаўленні, але неабходны працяг рэканструкцыі:

– Тыя змены, якія адбываюцца ў горадзе, канешне адбываюцца ў лепшы бок, народу канешне гэтыя змены падабаюцца. Але народ чакае далейшага развіцця падзей, далейшых пераўтварэнняў у горадзе, для вырашэння асноўнай праблемы, якая існуе ў горадзе – гэта транспартная праблема. Народ чакае будаўніцтва маста на вуліцы Першамайская, мост паабяцаў яшчэ ў 2010 годзе Канстанцін Сумар. Калі гэта праблема не будзе вырашана, то горад усё роўна чакае транспартны калапс. Насамрэч не будзе лагічнага завяршэння ўсіх тых пераўтварэнняў, якія былі пачатыя ў перыяд падрыхтоўкі да “Дажынак”.

Пінскі гарвыканкам паведаміў, што існуе план будаўнічага развіцця горада незалежна ад “Дажынак” і ён рэалізоўваецца па меры магчымасцяў. Чакалася, што ў 2015 годзе Пінск прыме агульнабеларускі хлебаробчы фэст, але з-за змены фармату, надзеі не спраўдзяцца. Таму ад некаторых амбітных будаўнічых праектаў давялося адмовіцца.

[Not a valid template]

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара