Украіна ўзмацняе меры бяспекі
Такое даручэнне даў прэзыдэнт краіны Пётр Парашэнка кіраўнікам паліцыі і спецслужбаў. На памежных прапускных пунктах і ў аўрапортах таксама ўводзіцца спецыяльны рэжым.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Прычын такіх радыкальных мераў некалькі.
Па-першае, гэта тэрарыстычныя акты ў Францыі. А мусульманскія радыкалы, паводле ўкраінскіх спецслужбоўцаў, даўно планавалі выкарыстаць Украіну як транзітную зону для перакідвання сваіх баявікоў на Блізкі Усход.
Па-другое, гэта другі тур выбараў мэраў у некаторых украінскіх гарадах. Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў ужо заявіў, што мае інфармацыю пра падрыхтоўку антыўкраінскімі структурамі тэрарыстычных актаў у Кіеве, Харкаве, Днепрапятроўску і Львове.
Па-трэцяе, гэта актывізацыя баявікоў ДНР і ЛНР, якія за апошнія дні істотна ўзмацнілі абстрэлы пазіцый Узброеных сіл Украіны. Вайсковыя аналітыкі не выключаюць, што неўзабаве прарасейскія баявікі могуць перайсці ў шырокамасштабны наступ.
Паліцыя, СБУ і Памежная служба Украіны пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым. Колькі гэты рэжым будзе дзейнічаць, пакуль невядома.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя