Хто такія „Крумкачы”?



За паўтары гады менскі аматарскі футбольны клуб “Крумкачы” узняўся з другой лігі ў вышэйшую. Вось некаторыя цікавыя факты з жыцця каманды.

Па прыколу

«Крумкачы» нарадзіліся на форуме газеты «Прессбол». У 2011 годзе некалькі карыстальнікаў форуму выйшлі ў офлайн і стварылі аматарскую каманду. Тры гады яны гулялі ў менскай гарадcкой лізе Асацыяцыі аматарскага футболу і ў камандзе заўзятараў менскага «Дынама», паведамляе Радыё Свабода.

Заснавальнікамі выступілі трое: Дзяніс Шунто, Васіль Глезаў і Ўладзіслаў Маяроўскі. Меўся быць яшчэ адзін — Антон Шунто, брат Дзяніса. Але ў дзень рэгістрацыі ён захварэў і не прыехаў у выканкам.

Беларускамоўная каманда

Назвай беларушчына не абмяжоўваецца — усе афішы сваіх гульняў «Крумкачы» афармляюць па-беларуску.

Абяцаюць і свайго дыктара на хатнім стадыёне таксама навучыць беларускай мове.

j9OrunQM

«Такіх клоўнаў у беларускім футболе яшчэ не было…»

“У федэрацыі заўсёды нада мной жартавалі, але не здзекліва, — распавёў Дзяніс Шунто. – Мы для іх нешта нестандартнае. “Крумкачы” – гэта весела. Нават кажуць, што ў лізе гуляюць 15 камандаў і “Крумкачы”. Бо мы – адметныя. Такі клоўнаў, як мы, у беларускім футболе яшчэ не было”.

_kifpdcBZZ0

Асаблівая філасофія

Дзяніс Шунто кажа, што добрую каманду ўдалося сабраць таму, што ёсць асаблівая філасофія падбору гульцоў.

“Хлопцы матываваныя, гуляюць у атакуючы футбол, шмат забіваюць, – кажа ён. – Усе хочуць паказаць сябе. Нам пашэнціла і з галоўным трэнерам. Я лічу, што ў нас працуе лепшы настаўнік у Беларусі – Алег Анатолевіч Дулуб, які працаваў у многіх клубах, але паўсюль – у якасці другога трэнера. Яму проста не давалі магчымасці сябе паказаць”.

“Крумкачы” збіраюцца вярнуць заўзятараў на трыбуны

“Гэта сюжэт для галівудскага блокбасцера, — дадае галоўны трэнер “Крумкачоў Алег Дулуб. – Камандзе паўтары гады, а яна выходзіць у вышэйшую лігу з другой. Пры гэтым тры месяцы таму стаяла пытанне, ці быць клубу наогул. Тады наступілі цяжкія часы. Але з таго часу мы прайшлі адрэзак у 11 матчаў з 9 перамогамі і 2 нічыйнымі вынікамі. Лепшага фіналу і жадаць не трэба… Падчас нашых матчаў на стадыёне заўсёды душэўна. І летам так было, калі выйгравалі па 8:3 і 7:0, калі гулялі практычна без абароны. Заўзятарам падабаецца атакуючы футбол. Толькі ён можа вярнуць заўзятараў на трыбуны”.

Максімальны вынік пры мінімальных затратах

“З улікам тых сродкаў, якія патрацілі, мы дэманструем неверагодную эфектыўнасць, — адзначае Дзяніс Шунто.У той жа час мы вымушаныя адмовіцца ад фармакалогіі, эканоміць на экіпіроўцы, у нас няма другога трэнера, а галоўны трэнер працуе, як і гульцы, за ідэю. Вышэйшая ліга – гэта вялікія выдаткі. Я палічыў: мінімум 500 тысяч даляраў на сезон. Але нават гэты, па сутнасці, малы бюджэт (у вышэйшай лізе няма клубаў з бюджэтам менш за 1 мільён даляраў) нам не па сілах”.

Па словах кіраўніка клуба, каманда ў вышэйшай лізе гуляць будзе.

Ёсць спонсары, якія гатовы нас падтрымаць на гэтым узроўні. Праўда, прыйдзецца аддаць кантрольны пакет… І за выхад у вышэйшую лігу футбалісты атрымаюць прэміяльныя. Можа, хлопцы ўбачаць іх не адразу. Гэта не вялікія грошы. Не тысячы даляраў, але па беларускіх мерках прыстойная сума. На сёння ёсць перад хлопцамі невялікія запазычанасці, але мы вырашаем праблему”.

Жарты скончыліся

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас заявіў, што факт выхаду “Крумкачоў” у вышэйшую лігу яшчэ не гарантуе, што каманда будзе ў наступным годзе там гуляць:

«Ёсць патрабаванні ліцэнзавання, — адзначыў ён. – Усё залежыць ад таго, як клуб будзе ўпісвацца ў гэтыя патрабаванні. Мы рэгулярна даем паслабленні клубам, але ўсе павінны быць у пэўных межах. Калі патрабаванні па ліцэнзаванні на ўзроўні нуля, такое выключэнне прыняць немагчыма. Таму тут усё будзе залежыць ад саміх “Крумкачоў”».

«Колькі вы гатовы аддаць за мару?»

“Колькі вы гатовы аддаць за мару? – напісаў у Facebook Мікалай Карповіч. – Адзін беларускі хлопец Дзяніс Шунто за два гады патраціў суму, якая раўняецца чатырохпакаёвай кватэры ў прэстыжным раёне Менска, за магчымасць сабраць футбольную каманду на сваё гледжанне. Пры гэтым, за ім не стаяць райвыканкам, прадпрыемства, ценявы фінансавы донар – толькі сябры, гатовыя застацца без сняданку, але хаця б накарміць футбалістаў. Клуб гуляў на энтузіязме і дагуляўся да вышэйшай лігі. У рашаючым матчы “Крумкачам” супрацьстаяў чэмпіён Беларусі-98, неаднаразовы прызёр турніру, прадстаўнік абласнога цэнтра – магілёўскі “Днепр”. У рашаючай сустрэчы клуб, чый бюджэт пераўзыходзіў бюджэт саперніка ў 11 разоў, прайграў 0:2. Гэта перамога спорту, шчырых адносінаў да справы і вялікай любові да футбола… „Крумкачы” — з перамогай!”

lu-SMJXfBWI

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Вконтакте