Ці можна менскі бюджэт зрабіць больш адкрытым?



Каманда “Кошт ураду” прапанавала Менгарвыканкаму і Міністэрству фінансаў даваць у адкрыты доступ квартальныя і штомесячныя справаздачы аб выкананні сталічнага бюджэту, пачынаючы з 1 студзеня 2016 году.

Суадносны зварот (https://petitions.by/petitions/99) у самы бліжэйшы час плануецца накіраваць у гэтыя дзве дзяржаўныя структуры.

“Гадавая справаздача аб выкананні бюджэту г. Менска зацвярджаецца рашэннем Менскага гарсавета ў суадноснасці з пунктам 4 артыкула 124 Бюджэтнага кодэкса Рэуспублікі Беларусь, якое затым размяшчаецца ў прававых базах, – гаворыцца ў звароце. – Аднак грамадзяне ў сапраўдны час не маюць магчымасці адсачыць штомесячнае і штоквартальнае выкананне бюджэту сталіцы”.

На думку аўтараў звароту, размяшчэнне такой інфармацыі ў адкрытым доступе дазволіла б грамадзянам (у першую чаргу – жыхарам Менска) зразумець, якія ў горада галоўныя крыніцы бюджэту, колькі грашовых сродкаў накіроўваецца на фінансаванне першачарговых выдаткаў – выплату заробкаў, аплату лекаў, жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі і г.д.

“Доля мясцовых бюджэтаў у агульным (кансалідаваным) бюджэце краіны складае каля 40 адсоткаў, – кажа кіраўнік праекту “Кошт ураду” Уладзімір Кавалкін. – Гэта вялізныя грошы! Пры гэтым інфармацыя аб прыбытку і выдатках за рэдкім выключэннем не становіцца публічнай. Бюджэт Менску з’яўляецца абсалютным донарам для агульнага бюджэту краіны. У прыватнасці, у 2015 годзе са сталічнага бюджэту ў рэспубліканскі плануецца трансферт у памеры 7,4 трлн. рублёў. Мы просім Мінфін і гарадскія ўлады пайсці насустрач грамадзянам і ў суадноснасці з дзеючым заканадаўствам рэгулярна інфармаваць людзей аб бюджэце горада”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя