Беларусы знаёмяцца з пісьмамі і ўспамінамі Зоські Верас



Выйшла ў свет кніга беларускай пісьменніцы, мемуарысткі, публіцысткі, лексікографа, перакладчыцы, асветніцы, грамадскай дзеячкі Зоські Верас „Пакуль рука пяро трымае” (серыя „Беларуская мемуарная бібліятэка” выдавецтва „Лімарыюс”). Кнігу падрыхтаваў даследчык нашай літаратуры Міхась Скобла. Ён таксама напісаў прадмову да яе і каментар. Дарэчы, у 2013 годзе Міхась Скобла выдаваў кнігу эпісталярнай спадчыны Зоські Верас “Я помню ўсё”. І вось новае выданне нашай асветніцы, якая жыла ў мінулым стагоддзі. Але сёлетняя кніга ніводным тэкстам не паўтарае ранейшую. Гэта зусім новыя пісьмы і ўспаміны Зоські Верас. У кнізе надрукаваны 400 лістоў, якія чытаюцца, як літаратуразнаўчыя і гістарычныя артыкулы, бо ў іх вельмі шмат згадак пра гісторыю нашай Бацькаўшчыны і дзейнасць яе славутых сыноў.

Па словах Міхася Скоблы, у “ Панарскім лесе пад Вільняй, у адзінокай глінабітнай хатцы, больш за паўстагоддзя пражыла Зоська Верас (1892–1991) – збіральніца словаў і зёлак, ахвярная працаўніца на маларасцяробленых лядах беларускай культуры ды гісторыі. Не маючы ў паслужным спісе ўніверсітэцкіх дыпломаў, закончыўшы ўсяго толькі гімназію і агародніцка-пчалярскія курсы, яна, тым не менш, ні ў якой справе не выглядала дылетантам – пісала вершы і апавяданні, перакладала п’есы для школьных тэатраў, склала запатрабаваны і сёння “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, рэдагавала часопісы “Заранка”, “Пралескі” і “Беларуская борць” (апошні – спецыялізаваны, для пчаляроў). Яе, рухавую і энергічную, чакалі ў Лукішкаўскай турме – з прадуктовымі перадачамі, на віленскім паштамце – з пакункамі беларускіх перыёдыкаў, з неадменнай гатовасцю да працы ў рэдакцыях грамадаўскіх газетаў, дзе яна была і адміністратарам, і бухгалтарам, і кальпартэрам. І так – у гушчыні падзей – Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця. Таму для пакаленняў пазнейшых яна была найперш жывой сведкай нашай гісторыі, і як жа добра, што Бог падараваў ёй так багата гадоў. Усё, што ведала, усё, што памятала, яна паспела сказаць для будучыні, асабліва ёй рупілі ці не самыя сфальшаваныя ў савецкай гістарыяграфіі гады (1917–1920-я). Пад спакойны пошум Панарскага лесу пісаліся ўспаміны: пра Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, пра Першы Усебеларускі з’езд у Мінску, пра Максіма Багдановіча, Гальяша Леўчыка, Аркадзя Смоліча, братоў Луцкевічаў і братоў Родзевічаў…”.

obl_Veras_04

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.