Менскую выставу пра Курапаты працягнулі на два дні (абноўлена)



Выстава „Праўда пра Курапаты” павінна вярнуць беларускае грамадства да тэмы пакаяння за злачынствы сталінскіх часоў, – лічыць кіраўнік мастацкай суполкі „Пагоня” Генадзь Драздоў. Гэта суполка разам з грамадскай ініцыятывай „Эксперты ў абарону Курапатаў” была ініцыятарам і арганізатарам выставы, якая праходзіць у менскім Палацы мастацваў з 13 лістапада. Правядзенне выставы працягнута яшчэ на 2 дня, да 18 лістапада.

– Грэх за расстраляных людзей і масавыя рэпрэсіі ляжыць на нашым грамадстве, на кожным з нас. Мы ведаем, што падчас Другой сусветнай вайны нямецка-фашыстоўская Германія нарабіла шмат гора чалавецтву, але яна пакаялася, адбыўся міжнародны суд. Германія выплаціла вялікія кантрыбуцыі, і сёння гэта адна з самых развітых краін, якая стабільна і дынамічна развіваецца. Мы ж ужо больш за 20 гадоў топчамся на месцы. Не адбылося міжнароднага суда над той сістэмай, якая стварыла прэцэдэнт для масавых рэпрэсій.

Таму выстава „Праўда пра Курапаты” – гэта крок да таго, каб адбыўся сапраўдны міжнародны суд і  былі вызначаны ўсе, хто вінаваты ў масавых злачынствах супраць грамадзянаў Беларусі, – кажа кіраўнік мастацкай  суполкі „Пагоня” Генадзь Драздоў.

* * *

„Праўда пра Курапаты”. Праца дакументальна-мастацкай выставы, якая праходзіць у Палацы мастацваў у Менску, працягнута яшчэ на 2 дні – да 18 лістапада. Яе экспазіцыя падрыхтавана грамадскай ініцыятывай „Эксперты ў абарону Курапатаў” сумесна з мастцкай суполкай „Пагоня”. Па словах куратара выставы, журналіста і грамадскага дзеяча Марата Гаравога, гэта толькі першы крок у рэалізацыя шэрагу праектаў пра Курапаты.

– Гэта першая выстава. Магчыма, у ёй не ўсё так, як мы хацелі. Але першы крок зроблены. І мы спадзяемся, што будзе зроблены і другі крок, і трэці… Многія казалі, што гэта немагчыма. Але цікавасць да гэтай выставы вельмі вялікая. За два дні – мінімум тысяча чалавек. Выставу наведалі розныя людзі: нашчадкі ахвяраў, настаўнікі са сваімі вучнямі.

“Арганізацыя выставы пра Курапаты – гэта адзін з этапаў стратэгіі па мемарыялізацыі гэтага месца, дзе ляжаць ахвяры сталінсткіх рэпрэсій. Выстава павінна стаць штуршком для правядзення нацыянальнага конкурсу на лепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў”, – распавёў Марат Гаравы.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота nn.by