Санэпідэмслужба прызнала ўмовы ўтрымання ў ІЧУ непрымальнымі



Свой працяг атрымала справа пра арышт заўзятараў за шалікі на Барысаў-Арэне. Санэпідэмслужба праверыла мясцовы Ізалятар часовага ўтрымання і прызнала ўмовы ў ім – незадавальняючымі. “Калі падавалі скаргу, чакаў на звычайную адпіску,” – гаворыць заўзятар Зміцер Хведарук:

– Санэпідэмслужба пацвердзіла той факт, што ў камеры, дзе нас утрымлівалі, адсутнічала шкло, пітная вада, была вельмі нізкая тэмпература і ўвогуле, тыя ўмовы, у якіх утрымліваюць людзей у Барысаўскім ізалятары,  проста непрымальныя. Спадзяюся, што такіх месцаў і ўмоў утрымання больш не будзе. Вельмі здзіўляе, што міліцыянты перад праверкай не здолелі схаваць усе хібы ўтрымання.

“Цяпер кіраўніцтва ўстановы будзе вымушана рупіцца пра ўмовы, у якіх знаходзяцца арыштанты,” – падсумаваў Хведарук. Заўзятары правялі ноч з 12 на 13 кастрычніка ў Барысаўскім ІЧУ. Хлопцаў прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве і прысудзілі штраф у памеры 10 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота aif.ru