Украіна заплаціць не за сваю віну



Прэзідэнт Францыі-Франсуа Алянд мае намер сустрэцца з прэзідэнтамі ЗША і Расеі, каб абмеркаваць з імі сумесную барацьбу супраць «Ісламскай дзяржавы». Удзел Пуціна ў міжнароднай кааліцыі ўздымае пытанне: як тэракты ў Парыжы і заява Францыі пра вайну паўплывае на сітуацыю вакол Украіны.

У часе саміту «вялікай дваццаткі» адбылася сустрэча Пуціна з прэзідэнтам ЗША. Расейскі кіраўнік дамогся ад Барака Абамы прызнання, што зыход сірыйскага прэзідэнта Башара Асада — не галоўнае. Пуцін лічыць, што аб’яднанне намаганняў у барацьбе з тэрарызмам з’яўляецца першаснай задачай, у тым ліку для ўрэгулявання сітуацыі ў Сірыі. Праўда, Прэм’ер Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмеран, які правёў асобную сустрэчу з Пуціным, заявіў, што застаецца «вельмі вялікі разрыў» паміж краінамі Захаду і Расеяй у падыходзе да ўрэгулявання сірыйскага канфлікту. Аднак Пуцін адразу заявіў, што абысціся без Расеі не ўдасца. Ён паведаміў пра новыя, расейскія ініцыятывы. Менавіта «на полі бою» усталяваны кантакт з часткай «узброенай непрымірымай апазіцыі», якая папрасіла не наносіць удары па падкантрольнай ім тэрыторыі. Паводле словаў Пуціна, гэтыя групы гатовыя пачаць баявыя дзеянні супраць «Ісламскай дзяржавы» пры падтрымцы з паветра расейскай авіяцыі. Атрымліваецца, што Расею просяць удзельнічаць у ваеннай аперацыі на Блізкім Усходзе.

Украінскі палітолаг Яўген Магда выказаў думку, што прапануючы свае паслугі ў барацьбе з тэрарызмам, Расея спрабуе дамагчыся паслаблення санкцыяў і замацаваць статус-кво ва Украіне, альбо нават дамагчыся змены ўлады ў Кіеве. На думку расейскага аналітыка Андрэя Пянткоўскага, Расея хоча пакарыстацца міжнароднай сітуацыяй і захаваць пры сабе Украіну. Зрэшты адразу пасля заявы французскага прэзідэнта пра вайну, расейскія СМІ пачалі актыўна прапаганадаваць ідэю, што зараз не час на канфлікт Расеі і Захаду з прычыны Украіны. Маўляў: кіеўскую хунту трэба замяніць тэхнічным урадам, змяніць Канстытуцыю, прыбраць нэанацыстаў, правесці новыя свабодныя выбары. Кіеўская хунта —адна з галоўных перашкодаў для сумеснай барацьбы ЗША, ЕЗ і Расеі супраць тэрарыстаў. Выходзіць зусім немудрагелістая задума. Пуцін прапануе і нават навязвае Захаду сваю «дапамогу» у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» у рамках чагосьці накшталт «антыгітлераўскай кааліцыі», але патрабуе адплаты: выдачы яму ліцэнзіі на брацкае расчляненне Украіны. Праўдападобна, гэта для яго важнейшае, чым упартая абарона сірыйскага прэзідэнта Асада.

Украіна мае ўсе падставы баяцца, што маючы перад сабою важнейшую задачу: стаць на баку Францыі і ўзяцца за джыхадыстаў, Захад можа здаць Украіну. Пра гэта сведчыць заява прэм’ера Украіны — Яцэнюка.16-га лістапада выступаючы з са зваротам да народа ён заявіў, што «Расея вінаватая ў стымуляванні глабальнага тэрарызму», пра што сведчаць падзеі ў Данбасе. Гэта яна ўпершыню пасля Другой Сусветнай вайны гвалтам змяніла дзяржаўныя межы,» — заявіў украінскі прэм’ер.

Праўда. Аднак гледзячы на гісторыю, у свой час Рузвельт і Чэрчыль заплюшчылі вочы на нечалавечныя зверствы Сталіна, і прывіталі яго сярод анты-гітлераўскай кааліцыі. Гісторыя паўтараецца, пры тым заўсёды са шкодай для слабых і абяздоленых. Праблема Украіны сапраўды адыдзе на другі план. Ёй будуць прызнаваць рацыю. Будуць выказваць словы салідарнасці, але практычна — не дапамогуць. На фоне бягучых падзеяў у свеце Украіне застаецца самастойна абараняць сваю краіну і народ. Але ж, давайце не забываць пра адно: гэта 40 мільёнаў цалкам іншых людзей, чым яшчэ два гады таму.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ