Віктар Трацякоў: Сакрэтнасць вакол смяротнага пакарання нараджае міфы



20-га лістапада ў Воршы адбудзецца паказ фільма „Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” і дыскусія на тэму „Смяротнае пакаранне – гэта забойства” з удзелам каардынатара кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды і рэжысёра фільма Віктара Трацякова.

Карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя сустрэўся з Віктарам Трацяковым.

IMG_5535

РР. Які аргумент з шасці для Вас самы важкі і пераканаўчы?

Віктар Трацякоў: Усе шэсць аргументаў маюць сур’ёзную вагу. Але самым складаным для мяне была праца над пятым аргументам. Гэта аргумент пра бесчалавечныя адносіны ды сям’і расстраляных. У нашым грамадстве традыцыйна прынята вінаваціць сваякоў асужанага. Яшчэ з савецкіх часоў, калі ў сям’і быў судзімы, то ўся жыццёвая перспектыва для яго сваякоў была закрытая. Спачування ды сваякоў асуджаных у грамадства няма. Атрымліваецца, што дзяржава пакарала злачынцу расстрэлам, а грамадства – павольна карае сваякоў.

РР. Чаму смяротнае пакаранне ў Беларусі мае вакол сябе заслону сакрэтнасці?

Віктар Трацякоў: Сакрэтнасць вакол смяротнага пакарання нараджае пэўныя легенды і міфы. І гэтыя легенды адцягваюць на сябе ўвагу ад асноўнага пытання: навошта і каму патрэбнае смяротнае пакаранне?

РР. У фільме „Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” шмат распавядаецца пра масавыя расстрэлы ў СССР. Чаму?

Віктар Трацякоў: Наяўнасць смяротнага пакарання ў дзяржаве заўсёды дае магчымасць выкарыстоўваць гэтую меру супраць апанентаў улады і наогул нязручных ўладзе людзей. З гэтым мы сутыкаліся ўжо ў гісторыі нашай краіны. Калі забываць пра такія моманты, яны могуць неаднаразова паўтарацца. Пра гэта трэба памятаць. І гэтага дастаткова, каб выступаць за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя