Дзе знайсці беларускамоўныя школьныя дапаможныя матэрыялы?



У Гародні беларуская адукацыя дыскрымінуецца не толькі адсутнасцю школаў, але і наяўнасцю працоўных сшыткаў і дыдактычных матэрыялаў па-беларуску. Дзеці, якія навучаюцца па-беларуску, пазбаўлены роўных магчымасцяў з расейскай адукацыяй у Беларусі. Абсалютная большасць неабходных працоўных сшыткаў, контурных мапаў, атласаў выдаецца выключна па-расейску.

P1210858

Дзецям-беларусам даводзіцца перакладаць дапаможныя матэрыялы самастойна на родную мову, што стварае дадатковыя цяжкасці. Прадстаўнік бацькоўскага камітэту дзяцей, якія вучацца па-беларуску, Аксана Астроўская спрабавала праз адмысловыя кнігарні высвятліць наяўнасць такіх матэрыялаў.

– Прайс-ліст мне не паказалі і не змаглі пра’явіць нічога, што ў іх у краме знаходзіцца. Я кажу: дык ёсць у вас, ці не? Ну, як бы былі. Вельмі так празрыста ўсё кажуць. На дадзены момант няма. Я кажу: а замовіць. Не, не. Значыць, калі я не магу замовіць, то іх няма ў прыродзе, я так разумею. І ў мяне ўзнікае пытанне: як жа ўлады дэкларуюць, што яны навучаюць у многіх вясковых школах па-беларуску? Тады павінны быць дапаможныя матэрыялы. Яны павінны існаваць.

У Гародні ўжо шосты год адраджаецца спакваля беларускае (паводле мовы) навучанне, пасля татальнага яго вынішчэння чыноўнікамі ад адукацыі. „Дык хто вінаваты ў тым, што за гэты час так і не адноўленыя роўныя правы ў школах для нацыянальнай мовы – беларускай і расейскай? Міністэрства адукацыі, бібліяграфічны калектар, ці яны разам?” – задаюць пытанне бацькі, якія хочуць роўных камфортных варункаў для навучання беларускіх дзяцей.

P1210859

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя