Баранавіцкі прадпрымальнік не хоча мірыцца з недахопамі на рынку
Баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус не хоча мірыцца з недахопамі на рынку, за арэнду месца на якім прыходзіцца плаціць немалыя грошы. Таму ён накіраваў чарговае пісьмо ў Беларускі кааператыўны саюз, дзе ўказвае на недахопы, якія мясцовае раённае спажывецкае таварыства не спяшаецца выпраўляць:
— Няўжо цяпер такі парадак і так павысілася культура на рынку, што дырэктару далі два выходныя дні сярод працоўнага тыдня: чацвер і пятніца. Можна браць у панядзелак, калі ўсе выходныя. Ён зрэзаў дошку аб’яваў, дзе вывешвалася ўся інфармацыя. Я таксама звярнуўся, каб ён зноў яе ўсталяваў за ўласны кошт.
Мікола Чарнавус лічыць, што новы дырэктар Васіль Саўчанка за 4 месяцы працы на рынку пагоршыў умовы, як для прадпрымальнікаў, так і для наведвальнікаў рынка. Знішчыў ёмкасць, у якую сцякала вада пасля дажджоў. Падчас затаплення адкрыў люкі, куды трапіла жыхарка Баранавіч Людміла Станкевіч. Выгнаў пад адкрытае неба з крытых радоў пенсіянерак, якія гандлююць ужываным таварам.З кантэйнерамі для смецця таксама ўзніклі праблемы.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы