Новы польскі ўрад атрымаў вотум даверу



Прэм’ер-міністр Польшчы прадставіла праграму дзейнасці свайго ўраду. Выступленне перад парламентам Беата Шыдла пачала з эканамічных пытанняў.

Новая прэм’ер сказала, што ўрад будзе працаваць у першую чаргу на эканамічнае развіццё:

– Праграму нашага ўраду магу перадаць адным сказам. Па-першае, развіццё, па-другое, развіццё, па-трэцяе, развіццё. Хачу сказаць, што перад усім зробім у час першых 100 дзён нашага ўраду. Па-першае, 500 злотых на дзіцяці пачынаючы ад другога, а ў сем’ях з меншымі даходамі ад першага дзіцяці. Па-другое, зніжэнне пенсійнага ўзросту да 60 гадоў для жанчын і 65 гадоў для мужчын. Па-трэцяе, падвышэнне да 8 тысяч злотых сумы вольнай ад падатку.

„Мы супраць любых падзелаў у Еўропе”, – адзначыла прэм’ер, гаворачы пра галоўныя напрамкі новага ўраду ў знешняй палітыцы:

– Будзем супрацьстаяць падзелам Еўропы, як унутры Еўразвяза, так і па-за яго межамі. Будзем імкнуцца да правядзення незалежнай палітыкі рэгіёна да якога мы належым. Будзем узмацняць пазіцыю Польшчы на міжнароднай арэне.

Новая прэм’ер звярнула ўвагу на неабходнасць рэфармавання адукацыйнай сістэмы:

– У польскіх бацькоў будзе права выбару, бо найлепш ведаюць сваіх дзяцей. Гэта бацькі будуць вырашаць ці іх дзіцё пойдзе ў школу ва ўзросце 6 ці 7 гадоў. Гэтую змену правядзем напрацягу першых 100 дзён нашага ўраду. Змены будуць датычаць таксама сістэмы школьнай адукацыі, паступова вернемся да васьмігадовай базавай школы і чатырохгадовага ліцэя.

Вотум даверу Сейм прымае абсалютнай большасцю галасоў у прысутнасці прынамсі паловы ад агульнай лічбы дэпутатаў. За прагаласавалі 234 дэпутаты партыі Права і Справядлівасць, то бок усе дэпутаты ад гэтай партыі ў польскім Сейме. Супраць былі дэпутаты Грамадзянскай Платформы, партыі «Сучасная» і клуба «Кукіз15». Дэпутаты ад Польскай Сялянскай партыі — устрымаліся ад галасавання.

Беларускае Радыё Рацыя