Вольга Акуліч стала лаўрэаткай польскага фестывалю «OPPA»



Аўтар-выканаўца з Менску Вольга Акуліч трапіла ў фінал ды ўвайшла ў “залатую пяцёрку” міжнароднага фестывалю бардаў, які прайшоў у Варшаве.

Akulicz_2

«OPPA» – адзіны фэст такога ўзроўню ў Польшчы, які прэзентуе творчасць сонграйтэраў – аўтараў і выканаўцаў сваіх песень. То бок, удзельнікі фестывалю павінны быць аўтарамі і музыкі, і тэкстаў сваіх песень.

Кажа Вольга Акуліч:

– Цудоўны быў фестываль. Вельмі выдатная атмасфера. Вельмі вялікая ўвага да мастацтва слова. Таму што ўсе нашыя тэксты зараней былі дасланыя арганізатарам, яны былі перакладзеныя на польскую мову, каб журы магло ўважліва сачыць не толькі за музычным складнікам, але і за зместам нашым кампазіцый.

Сёлета ў фестывалі паўдзельнічалі чатыры беларускія аўтары – Юры Дубовік, Вольга Калмакова, Наталля Нікіціна і Вольга Акуліч. Усе тры спявачкі трапілі ў фінал, а Вольга Акуліч, якая выступала пад акампанемент Юрыя Несцярэнкі, трапіла ў лік найлепшых пяці выступоўцаў.

99124_600

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота аўтара і з werasen.livejournal.com