Нават амерыканцы “непаліткарэктныя”
«Людзей, у якіх адрозныя погляды ў справе міграцыйнага крызісу нельга называць ісламафобамі, расістамі ці фашыстамі» — заявіў у дзень дзяржаўнага свята, у гадавіну “ аксамітнай рэвалюцыі” прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан. Аказалася, што і ў краіне імігрантаў, у ЗША, амаль палова штатаў выступае супраць прымання ўцекачоў з Блізкага Усходу.
Чэшскі прэзідэнт усклаў кветкі да памятнай дошкі ў гонар студэнтаў, якія ў лістападзе 39-га года выступілі супраць гітлераўскай акупацыі. Іх выступленне было стымулам для “аксамітнай рэвалюцыі” 50 гадоў пазней. «У свабодным грамадстве кожны мае права выказаць сваю думку, а іншую думку нельга заглушаць. Кляймо альбо знявага для мяне не аргумент і праціўнікаў ісламу ды ўцекачоў нельга абзываць расістамі,» —заявіў Мілаш Земан. “Народ мае права кіравацца самастойна і ніхто звонку не павінен яму дыктаваць, што можа і чаго не можа рабіць,” — дадаў Земан відавочна маючы на ўвазе навязаную Чэхіі квоту ўцекачоў, а ён з’яўляецца яўным праціўнікам гэтага.
У міжчасе такую “непаліткарэктную” думку выказалі многія амерыканскія палітыкі, ўключна з кандыдатамі ў прэзідэнты. Пасля замахаў у Парыжы больш за 20 губернатараў амерыканскіх штатаў заявілі, што яны не прымуць сірыйскіх уцекачоў. Гэтым самым яны выступілі супраць пазіцыі прэзідэнта Абамы які заявіў, што ў наступным годзе ЗША прымуць, як мінімум, 10 тысяч уцекачоў. Гэта ў 5 разоў болей, чым сёлета. Аднак губернатары з Рэспубліканскай Партыі заявілі, што сярод уцекачоў, могуць быць тэрарысты, што пацверджваецца тэрактамі ў Парыжы. Эксперты падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з законам з 1980-га года, губернатары не могуць забараніць уцекачам пасяліцца ў іхных штатах, бо гэта кампетэнцыя федэральных уладаў. Аднак усе разумеюць, што без дапамогі мясцовых уладаў цяжка знайсці ўцекачам жыллё, працу і гэтым самым паспрыяць іх інтэграцыі. Нават кандыдаты на пасаду прэзідэнта: Дональд Трамп і Бэн Карсан заявілі, што калі яны перамогуць на выбарах, дык цалкам спыняць прыём мусульманскіх уцекачоў. Трапм схільны ўжо цяпер закрыць некаторыя мячэці. Іншы кандыдат у прэзідэнты Рэнд Пол заявіў, што ён забараніў бы ўезд у ЗША грамадзянам 20 краін у якіх дзейнічаюць тэрарысты. Нават дастаткова памяркоўны кандыдат у прэзідэнты, губернатар Фларыды Жэб Буш выказаў думку, што калі ўжо прымаць уцекачоў, дык толькі хрысціян. Затое губернатар штата Нью-Джэрсі Крыс Крысці заявіў, што калі б гэта ад яго залежала, ён не пусціў бы ў ЗША “нават сіротаў ніжэй 5-гадовага ўзросту”. Больш памяркоўна адрэагавала на падзеі ў Францыі кандыдатка ад Дэмакратаў Хілары Клінтан. Яна заявіла, што грамадзянская вайна ў Сірыі гэта не амерыканская вайна і праблему павінны вырашаць сумесна многія краіны.
Калі пазіцыю Чэхіі, Польшчы ці Вугоршчыны ў пытанні ўцекачоў можна зразумець, дык пазіцыя амерыканскіх палітыкаў абсалютна непрымальная. Гэта Злучаныя Штаты былі ініцыятарам звяржэння тыранаў у імя дэмакратыі і яны нясуць адказнасць за тое, што свет пасля іх умяшання стаў больш нестабільны чым быў дагэтуль. Дэмакратыя ў заходнім разуменні абсалютна непрыдатная і незразумелая ў пэўных культурах і цывілізацыях. Гэта трэба нарэшце ўсведаміць. Існуе паняцце “меншага зла” і ім варта кіравацца. Садам Хусейн быў тыранам, але пры ім Ірак захоўваў стабільнасць і там не было джыхадыстаў. Тое самае тычыцца рэжымаў у Лівіі, Егіпце ды іншых краінах. Ужо год часу як ЗША бамбардуюць тэрыторыю “ісламскай дзяржавы”, аднак яе не знішчылі, затое павялічылі хвалю ўцекачоў. Гэта яны, Злучаныя Штаты ўсюды сунулі свой нос і паўсюль толькі пагаршалі сітуацыю. Цяпер адмаўляцца ад уцекачоў, гэта крайне амаральная пазіцыя. Калі б ад мяне залежала, я не размяркоўваў бы ўцекачоў паміж краінамі, якія ні ў чым не вінаватыя, але вывез бы іх караблямі і высадзіў бы ля берагоў Амерыкі са словамі: «Маеце. Гэта плён вашых дзеянняў».