МЗС разлічвае на поўнае зняцце з Беларусі санкцый ЕЗ
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей разлічвае на поўнае зняцце Еўразвязам санкцый з Беларусі. Аб гэтым ён заявіў па выніках сустрэчы з федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, якая адбылася напярэдадні ў Берліне, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
«Мы вельмі зацікаўлены ў нармалізацыі адносін з Еўразвязам. Мы хочам нармальных эканамічных адносін з Еўрапейскім звязам і асобнымі еўрапейскімі краінамі. Гэта дапаможа нам быць больш моцнымі і ў палітычным плане», — падкрэсліў Уладзімір Макей.
Ён адзначыў, што на сустрэчы адбылося абмеркаванне перспектыў развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам, удзелу Беларусі ў працэсах еўразійскай інтэграцыі, яе ўзаемадзеяння з Германіяй у міжнародных арганізацыях, асабліва з улікам старшынства Германіі ў АБСЕ ў 2016 годзе, шэрага актуальных праблем міжнароднай палітыкі. «Я спадзяюся, што ў абмеркаванні ўсіх праблем мы дасягнулі ўзаемаразумення», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.
«Мы спакойна глядзім у будучыню, і, я думаю, мы глядзім у адным і тым жа напрамку. Гэта вельмі важна, таму што ў мінулым многае было. Быў перыяд санкцый, якія не ўнеслі пазітыўнага ўкладу ў развіццё нашай краіны, — адзначыў Уладзімір Макей. — Я спадзяюся, што ў будучым гэтыя санкцыі будуць зняты, і гэта дапаможа нам прадоўжыць развіццё краіны ва ўсіх напрамках — палітычным, эканамічным, у сферы правоў чалавека і іншых».
«Самае галоўнае, што абодва бакі зацікаўлены ў тым, каб Беларусь падтрымлівала нармальныя адносіны з Еўрасаюзам. І я думаю, што гэта сустрэча вельмі важная для нашага будучага», — дадаў ён.
БелТА
Фота irelandru.com