Анатоля Лябедзьку і Вячаслава Сіўчыка пакаралі штрафамі (абноўлена)



У судзе Цэнтральнага раёну Менску адбыліся суды над старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і лідарам Руху салідарнасці „Разам” Вячаславам Сіўчыкам. Лябедзька аштрафаваны на 50 базавых велічыняў – гэта 9 мільёнаў беларускіх рублей. Сіўчык  на 60 базавых – 10 мільёнаў 800 тысяч  рублёў.

Абодвух прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыяваных мерапрыемствах. А Сіўчыка, за выказванне вядомай прымаўкі „Хуцін – пуйло” яшчэ і ў дробным хуліганстве:

– Паседжанне было прысвечана ў асноўным Уладзіміру Пуціну. Я сказаў на мітынгу: “Хуцін – пуйло!”, за гэта на мяне быў складзены адзін пратакол. Самае страшнае, што рэагаваць на гэтае выказванне так, каб складаць пратакол і пісаць, што гэта нецэнзурныя лаянка, два разы збіраць Цэнтральны суд… Хто, акрамя халуёў, так будзе бараніць чалавека, які пагражае Беларусі?

Вячаслаў Сіўчык з рашэннем суду не згодзен і не выключае, што будзе абскарджваць яго ў вышэйшай судовай інстанцыі.

* * *

У судзе Цэнтральнага раёна Менска разгледжаны адміністрацыйныя справы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і кіраўніка Руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка. Яны абвінавачваліся ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, а Сіўчык яшчэ і па артыкуле аб хуліганстве. Абодва прызнаны вінаватымі і аштрафаваны.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Анатоль Лябедзька

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вячаслаў Сіўчык

Па словах Анатоля Лябедзькі, падобныя працэсы – гэта добры маніторынг стану законнасці і правоў грамадзянаў у Беларусі.

– Нават тыя амапаўцы, якія прыйші, сталі доказам таго, што ўсё было напісана пад капірку: адзін адмовіўся ад сваіх пісьмовых паказанняў, другі так блытаўся, што стала зразумела, што ён хлусіць. Таму ўсё рыхтавалася загадзя. Сённяшняе рашэнне было прынята яшчэ 29-га, калі той старэйшы лейтэнант прыйшоў з намерам напісаць пратакол аб правапарушэнні. Я не здзіўлюся, што, нават калі б ён мяне не пабачыў, прыйшла б позва ў суд. Такая ў яго задача.

Таму, як лічыць Анатоль Лябедзька, яго адміністарцыйная справа за ўдзел у мітынгу 29 кастрычніка рассыпалася падчас разгляду. Аднак суддзя Вікторыя Шабуня не звярнула на прыведзеныя факты ўвагі і пакарала палітыка штрафам. Як нагадаў Анатоль Лябедзька, за паўтара месяца „лібералізацыі” гэта ўжо чацвёрты судовы працэс супраць яго і пятая адміністрацыйная справа. І ўсе суды скончыліся вялікімі штрафамі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск. Фота аўтара.

* * *

У Цэнтральным судзе Менска прайшлі працэсы над апазіцыйнымі палітыкамі Анатолем Лябедзькам і Вячаславам Сіўчыкам.

Першы ўжо аштрафаваны на  50 базавых велічыняў (гэта 9 мільёнаў рублёў).

Суддзя дала магчымасць Лябедзьку выказацца. Той сказаў, што «адчуваецца падрыхтоўка сведак-міліцыянтаў да суду». Паводле Лябедзькі, у судзе яны казалі па-рознаму, а ў пратаколах — слова ў слова адно і тое ж.

«Гэта ёсць доказам фальсіфікацыі справы», — сказаў Лябедзька.

Нагадаем, што акцыя прысвячалася ахвярам палітычных рэпрэсіяў 1937 года. Лябедзька сказаў, што ён не стаяў са знічкай.

Вячаслава Сіўчыка аштрафавалі на 60 базавых велічынь (гэта 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў): па 30 базавых за брыдкаслоўе ды ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 4 кастрычніка — мітынгу супраць расейскай вайсковай базы на плошчы Свабоды, паведамляе радыё “Свабода”.

sud7

Анатоля Лябедзьку судзяць за акцыю памяці ахвяраў рэпрэсій. Акцыя адбылася 29 кастрычніка каля будынка КДБ у Менску. Справу ж разглядае суд Цэнтральнага раёна сталіцы. Палітыка звінавачваюць у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Міліцыя ў час акцыі перапісала дадзеныя ўсіх удзельнікаў, аднак нікога не затрымлівала. Але раней за гэтую ж акцыю былі завочна пакараныя штрафамі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў ды Максім Вінярскі.

Фота novychas.by