Станіслаў Шушкевіч будзе атрымліваць пенсію



“Гэта стала вынікам таго, што мая жонка ўступіла ў змову з сацыяльнымі службамі”, – кажа былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка ў 1997 годзе адмяніў пастанову парламента аб пажыццёвай пенсіі былому прэм’еру і кіраўніку дзяржавы ў памеры 70-75% ад акладу дзеючага прэм’ера і спікера і падпісаў дэкрэт аб “упарадкаванні пенсій за асаблівыя заслугі перад беларускім народам”.

Атрымалася, што пенсіі за асаблівыя заслугі былі прызначаны ў асноўным першым асобам савецкай Беларусі, напрыклад, былым кіраўнікам Кампартыі Беларусі Мікалаю Слюнькову і Яфрэму Сакалову. Пецярым былым кіраўнікам незалежнай Беларусі – Станіславу Шушкевічу, Георгію Таразевічу, Сямёну Шарэцкаму, Мечыславу Грыбу і Міхаілу Чыгіру – дадзеным дэкрэтам пенсія была пакінута на тым узроўні, на якім знаходзілася на момант падпісання дэкрэта, адным словам, “замарожана”. У 1997 годзе гэта было 3 мільёны 196 тысяч беларускіх рублёў, а пасля дэнамінацыі 1999 года стала 3200 рублёў у месяц. Такая яна і заставалася да апошняга часу, інфармавала nv-online.info.

Трэба адзначыць, што Шушкевіч, які доўгі час сцвярджаў, што прынцыпова не хоча што-небудзь прасіць і прыніжацца, у 2002 годзе ўсё ж такі звярнуўся ў суд, аднак у іску яму было адмоўлена. Судовае рашэнне Шушкевіч абскардзіў, дайшоў да Вярхоўнага суда, але і адтуль прыйшоў адказ: усё правільна, пенсія выплачваецца ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам.

І вось зараз жонка Станіслава Станіслававіча аформіла дакументы на атрыманне ім пенсіі па ўзросце. Зараз першы кіраўнік Беларусі будзе атрымліваць крыху больш за 4 мільёны рублёў.

Станіслаў Шушкевіч: Гэта жонкіны “прадзелкі”. Хоць грошы, натуральна, не перашкодзяць, у апошні час я на самой справе зламаўся ў плане працы. Раней даволі шмат працаваў у замежжы, а цяпер здароўе ўжо не тое. У мяне раней была пенсія “за особые заслуги” 3200 рублёў, яе замацавалі на ўзроўні 1997 года, і справа з месца не краналася. І жонка вырашыла пайсці іншым шляхам. Мне нічога не сказала, сама ўступіла, так бы мовіць, у змову з сацыяльнымі службамі. Я ёй напісаў генеральную даверанасць, што яна ўсё можа рабіць ад майго імя (а яна мне такую ж напісала), таму і скарыстала гэты момант. Аформіла мне пенсію па ўзросце. Пенсія, дарэчы, магла б быць таксама вялікай, калі ўлічваць, што я заслужаны дзеяч, член-карэспандэнт Акадэміі навук і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, але сацыяльныя службы сказалі, што тут не той выпадак.

РР: Што казалі вашы замежныя сябры, калі даведваліся, што першы кіраўнік краіны атрымлівае пенсію ў памеры некалькіх цэнтаў?

Станіслаў Шушкевіч: Яны проста не верылі, што такое ўвогуле можа быць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя