Ці можа пачацца дыялог пра адмену смяротнага пакарання?



Каардынатар кампаніі „Правабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда распавядае пра тое, ці могуць беларускія ўлады падчас пацяплення стасункаў з Захадам пайсці на адмену смяротнага пакарання.

paluda_andrej

Андрэй Палуда (Фота spring96.org)

Андрэй Палуда: Мы спадзяемся, што такая надзея ёсць. У той жа час беларускія ўлады ў гэтым пытанні заўсёды займалі гнуткую пазіцыю. Яны быццам бы і не адмаўляюць той факт, што праблема існуе і патрабуе абмеркавання, але ў той жа час не кажуць, калі яе вырашаць. І, калі надыйдзе той час, ніхто не ведае. Пяць, дзесяць ці сто гадоў? Але я насамрэч не выключаю, што міжнародныя стасункі з Захадам могуць паўплываць на тое, каб быў уведзены мараторый на вышэйшую меру пакарання ў Беларусі. Спадзяюся, што для міжнароднай супольнасці, для праваабаронцаў і людзей, якія выступаюць супраць растрэльнага артыкула, гэты быў бы вельмі паказальны крок уладаў у намеры паказаць сваё імкнення ісці да цывілізаванага свету. Патрэбна проста палітычная воля кіраўніцтва Беларусі.

РР: Еўропа заняла прынцыповую пазіцыю па вызваленні палітвязняў: спачатку іх вызваленне – пасля дыялог. А наколькі пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі важнае для Еўропы? Ці яно другаснае?

Андрэй Палуда: Еўрапейскія каштоўнасці ніхто не адмяняў. Мяркую, для Захаду прынцыпова, каб Беларусь таксама ішла да гэтага. Я не магу сказаць, што паўстане пытанне поўнасцю адмяніць смяротнае пакаранне ў краіне, але дыялог па ўвядзенні мараторыя можа адбыцца.

РР: Многія эксперты казалі, што вызваленне палітвязняў стала ў пэўным сэнсе прадметам гандлю. Можа быць і смяротнае пакаранне будзе палягаць у гэтай жа плоскасці?

Андрэй Палуда: Не хацелася б, каб так адбылося. Але з іншага боку – многія жадаюць вырашэння праблемы. І, каб яе падымалі на нейкіх перамовах, як крок насустрач у пацяпленні стасункаў, то можа справа і скранулася з мёртвай крокі. Без знешняга ўдзеяння беларускія ўлады наўрад ці пойдуць на адмену смяротнага пакарання.

РР: А беларусам патрэбна гэтая адмена?

Андрэй Палуда: Складана адказаць адназначна, бо адны выступаюць за вышэйшую меру пакарання, іншыя – наадварот. Паспрабуйце апытаць людзей па гэтай тэме, калі адбылося сур’ёзнае злачынства. Многія скажуць – кулю ў лоб. Але, калі чалавека растраляюць, а затым акажацца, што на той свет адправілі праз судовую памылку невінаватага, то тыя ж людзі палічаць, што растрэлы трэба адмяніць. Таму цалкам грамадства ніколі не будзе гатовае да адмены смяротнага пакарання. Але ж і чалавечыя каштоўнасці ніхто не адмяняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя