Лукашэнка абмяркуе з Пуціным расейскую авіябазу



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 26 лістапада сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае РБК.

Як паведаміў памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, было ўзгоднена, што першы замежны візіт беларускага лідара пасля перавыбрання на пасаду прэзідэнта пройдзе менавіта ў Расею.

Адной з тэм сустрэчы стане стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі.

Відавочна, што гэтая тэма яшчэ не да канца закрытая, падкрэсліў Ушакоў.

Маючы адбыцца візіт абмяркоўваўся 16 лістапада ў час сустрэчы Лукашэнкі з надзвычайным і паўнамоцным паслом Расіі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што «гатовы да сур’ёзнай гутаркі на тэму беларуска-расейскіх адносін».

«Ёсць пра што пагаварыць, і адкрыта пагаварыць, каб у нас не было ніякіх недамовак, — сказаў ён. — Давайце адкрыта абмяркуем нашы і праблемныя пытанні, калі яны ёсць, і пазначым перспектыву».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, да яго сустрэчы з Уладзімірам Пуціным можна будзе падкарэктаваць асобныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва, з тым «каб зняць некаторыя насцярожанасці», паедамляе БелаПАН.