Беларускія апазіцыйныя палітыкі на перамовах у Бруселі



Прыпыненне візавых санкцый на чатыры месяцы ў дачыненні да беларускіх уладаў, небяспекі, якія існуюць вакол Беларусі і сітуацыя ў рэгіёне – такія тэмы перамоў з еўрапейскімі палітыкамі ў Бруселі назваў сярод іншых намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Але галоўнае, на яго думку, гэта тое, што Еўразвяз надае вялікую вагу пытанню незалежнасці Беларусі.

– Сустрэчы былі ва ўсіх структурах Еўрапейскага звяза. Былі сустрэчы і з кіраўніцтвам Еўрапейскай партыі. З таго, што я пачуў, выглядае вельмі важна, што еўрапейскія палітыкі зацікаўленыя ў захаванні незалежнасці нашай краіны. Гэта самы галоўны пасыл, які прагучаў для мяне пры ўсіх сустрэчах. Канешне, падыходы не заўсёды задавальняюць, але я разумею, што ёсць інтарэс і Еўропы. Але тое, што Еўропа будзе імкнуцца рабіць усё, каб Беларусь захавала сваю незалежнасць, – гэта вельмі важна.

 Як ужо паведамлялася, падчас перамоваў беларускіх апазіцыйных і еўрапейскіх палітыкаў у Бруселі таксама прагучалі наступныя тэмы: рэгістрацыя незалежных беларускіх СМІ Радыё Рацыя і тэлеканала “Белсат”, умовы правядзення будучых парламенцкіх выбараў у Беларусі, а таксама спіс патрабаванняў Еўразвязу да беларускіх уладаў ва ўмовах прыпынення візавых санкцый.

* * *

Больш за 20 працоўных сустрэчаў на працягу трох дзён правялі беларускія апазіцыйныя палітыкі ў сталіцы Еўропы – Бруселі. У рамках Еўрапейскай народнай партыі адбыліся размовы з яе старшынём Жозэфам Долям, спiкерамі „Еўранэста” Сандрай Калнiетай i Раевiч-Казлоўскай, еўрадэпутатам Яцэкам Сарыюшам-Вольскiм ды іншымі еўрапейскімі палітыкамі. Па словах намесніка старшыні Руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча, канчатковага рашэння па стратэгіі ў дачыненні да Беларусі яшчэ не прынята, таму ў беларускай апазіцыі ёсць магчымасць на яго паўплываць.

– Ёсць чатырохмесячны перыяд замарожаных санкцыяў. Ёсць спадзяванне на паляпшэнне адносінаў з Еўразвязам у выпадку, калі ўлада пойдзе на выкананне тых рэкамендацыяў, якія прапануе Еўрапейскі звяз. На сёння гэты спіс канкрэтных патрабаванняў фармуецца, відавочна, што ён будзе заснаваны на тых базавых каштоўнасцях, якія выжныя для Еўразвяза і для дэмакратычных краінаў, аднак будзе ўлічвацца сітуацыя ў рэгіёне, важнасць захавання Беларусі як краіны, якая застаецца як мінімум нейтральнай да ваенных падзеяў, якія зараз ідуць ва Украіне.

Як адзначае Юрась Губарэвіч, пэўная ўвага на перамовах у Бруселі таксама была нададзена будучым парламенцкім выбарам у Беларусі, умовам іх правядзення, а таксама зменам у выбарчым заканадаўстве.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя