Савет Еўропы шкадуе пра новы смяротны прысуд у Беларусі



Савет Еўропы заклікае беларускія ўлады аб’явіць мараторый на смяротнае пакаранне.

Пра гэта гаворыцца ў камюніке афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара Савета Еўропы Даніэля Хольтгена, паведамляе «Інтэрфакс».

«Мы глыбока шкадуем, што Беларусь сёння вынесла новы смяротны прысуд», — заявіў Хольтген у сувязі з асуджэннем Івана Кулеша на смяротнае пакаранне 20 лістапада.

Рада Еўропы чакае ад Беларусі, што асуджанаму будзе прадстаўлена поўнае права на апеляцыю, адзначаецца ў дакуменце.

«Смерць гэта не правасуддзе», — лічаць у Савеце Еўропы.

Еўразвяз выказвае надзею на тое, што Івану Куляшу будзе бесперашкодна прадстаўлена права на падачу апеляцыі.

«Спадар Кулеш быў асуджаны за сур’ёзныя злачынствы, і мы выказваем нашу глыбокую сімпатыю сям’і і сябрам ахвяр гэтых злачынстваў.  Тым не менш, Еўрапейскі звяз выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках, бо яно не можа быць апраўданае ні пры якіх абставінах», — гаворыцца ў камюніке афіцыйнага прадстаўніка Еўрапейскай знешнепалітычнай службы.

ЕЗ таксама заклікае Беларусь далучыцца да глабальнага мараторыю на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да яе адмены. Смяротны прысуд жыхару Лідскага раёна Івану Куляшу вынес учора Гарадзенскі абласны суд.

Івану Куляшу 28 гадоў. Ён выхоўваўся ў дзіцячым доме, скончыў 9 класаў, нідзе не працаваў, зарабляў на жыццё, збіраючы грыбы, ягады, выконваў выпадковыя працы. Раней двойчы быў судзімы за крадзеж. Злачынствы, у якіх суд прызнаў вінаватым Івана Куляша, ён здзейсніў у 2013 годзе — забіў сякерай трох гандлярак сельскіх крамаў.

Гэта другі за год смяротны прысуд, які вынесены ў Беларусі. У сакавіку Гомельскі абласны суд асудзіў на смерць жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова за згвалтаванне і забойства дзяўчыны. Прысуд пакуль не прыведзены ў выкананне.

Радыё Свабода