На „Граніце” чарговае звальненне



На Мікашэвіцкім прадпрыемстве “Граніт” чарговае звальненне маладога работніка. 30-гадовага інжынера па ахове працы Уладзіміра Табулу папярэдзілі, што з ім не працягнуць кантракт. Ніхто з начальства не хоча  патлумачыць, чаму. Уладзімір прапрацаваў на прадпрыемстве без заўваг і нараканняў 12 гадоў: ад электраслесара, да майстра па цэху і цяперашняй пасады. Падмяняў у час адпачынкаў сваіх начальнікаў.

Сам Уладзімір Табула лічыць, што звальняюць яго за прынцыповую пазіцыю на працы:

— Былі такія моманты, калі ў нарматыўна-прававых актах адно патрабаванне, а ў рэальнасці на прадпрыемстве карціна выглядала інакш.

Пасля адной з заўвагаў кіраўніцтву пра тое, што трэба своечасова мяняць абутак рабочым са шкоднымі ўмовамі працы, атрымаў у ліпні дысцыплінарнае спагнанне, з якім не пагадзіўся. Да генеральнага дырэктара датэлефанавацца не ўдалося. Непасрэдны начальнік Табулы Іван Літвіцкі адмовіўся адказваць на пытанне, чаму звальняюць ягонага падначаленага.

Начальнік аддзела кадраў і адначасова маці генеральнага дырэктара “Граніта”, Эдуарда Гаўрылковіча, Валянціна Гаўрылковіч таксама размаўляць не захацела:

— Я не ведаю хто вы і адкуль вы. У мяне не відэа-тэлефон. Да пабачэння.

Яшчэ адной нагодай для звальнення можа быць і тое, што Уладзімір захаваў добрыя адносіны з людзьмі, якія раней працавалі на “Граніце” і былі звольненыя за ўдзел у незалежным прафсаюзным руху.

Беларускае Радыё Рацыя