Філатэлісты Беларусі і Польшчы падпісалі пагадненне
Філатэлісты Гарадзеншчыны і Падляшша падпісалі ў Беластоку пагадненне аб супрацы. Збіральнікі марак ужо некалькі год запар ладзяць сумесныя выставы як у Беларусі, такі ў Польшчы, аднак да гэтага часу гэта былі неафіцыйныя стасункі. Пра тое, навошта патрэбна такое пагадненне, распавядае кіраўнік Беластоцкага кола філатэлістаў Марцін Купрыцюк:
– Нас раздзяляе мяжа. Але мы хочам працаваць больш шчыльна і развіваць нашую супрацу. Таму трэба было зацвердзіць пагадненне аб культурніцкай супрацы дакументальна.
Кіраўнік гарадзенскага абласнога Таварыства філатэлістаў Фрыдэрык Гушча:
– Гэтае пагадненне патрэбнае для таго, каб сумесна праводзіць культурніцкія мерапрыемствы, перадусім, выставы. У Гародні мы праводзім 2-3 выставы за год. Заўсёды запрашаем удзельнікаў з Польшчы. Было нават такое, што нашых калекцый было меней, чым польскіх.
Філатэлісты дзвюх краін спадзяюцца, што цяпер у консульствах па абодва бакі мяжы будуць з прыязназнасцю ставіцца да такой спецыфічнай культурніцкай супрацы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня