ІП: Пасля 1 студзеня пойдзем у манастыр
Гомельская прадпрымальніца Святлана Калачова тлумачыць, чаму чыноўнікі не любяць ІП-эшнікаў, а любяць іх грошы ў бюджэце, а таксама прагназуе, што будзе пасля 1 студзеня 2016 года.
Выступаючы на Форуме прадпрымальніцтва, памочнік кіраўніка краіны па эканамічных пытаннях Кірыл Руды адзначыў, што беларускі прадпрымальнік – гэта, “хутчэй за ўсё, мужчына, які займаецца гандлем імпартнымі таварамі, хутчэй за ўсё, нідзе не зарэгістраваны і, хутчэй за ўсё, падаткі не плаціць, а калі і плаціць, то няшмат”.
Ён таксама адзначыў, што за дзевяць месяцаў з пачатку года ІП-эшнікі заплацілі ў бюджэт толькі 3 трыльёны рублёў, што склала не больш за 2 адсоткі ад усіх падаткавых паступленняў.
Нагадаем, з 1 студзеня 2016 года ІП-эшнікам нельга будзе гандляваць таварам без сертыфікату якасці. Акрамя таго, таксама ўваходзіць у дзеянне забарона на продаж рэшткаў.
Святлана Калачова: Я працую прадпрымальнікам 18 гадоў. Стаяла на спякоце, на марозе, потым перайшла ў гандлёвыя цэнтры, дзе ў мяне былі тры кропкі. Пасля сакавіка 2015 года засталіся дзве. Дык вось на сёняшні дзень з кожнай гандлёвай кропкі я плачу падатку больш за 5 мільёнаў рублёў у месяц. Калі пра гэтую суму даведваюцца мае бізнес-партнёры з Масквы, у іх на некалькі хвілін мову адымае. А з дзвюх кропак мне трэба заплаціць 10 мільёнаў. І плюс арэнда – 15 мільёнаў з кропкі. А ў дадатак – заплаці 3 мільёны у фонд сацыяльнай абароны. Вось няхай і палічыць той жа Руды, як працуюць прадпрымальнікі. І падацца няма куды, бо амаль 20 гадоў я аддала прадпрымальніцтву, а зараз што – на вуліцу? Хто будзе сёння браць на работу 50-гадовых прадпрымальнікаў? Адна мая знаёмая ІП-эшніца на поўным сур’ёзе кажа, што пасля 1 студзеня збіраецца падацца ў манастыр. Кажа: “Там хоць карміць будуць”.
РР: Чыноўнікі раяць прадпрымальнікам перакваліфікавацца…
Святлана Калачова: Якая перакваліфікацыя, калі на рынках і так, у асноўным, стаяць людзі з вышэйшай адукацыяй? Зараз на прадпрыемствах звальненні ідуць, усе штат скарачаюць, дык каму неабходны ІП-эшнікі? З 1 студзеня наогул будзе цудоўны час. У рэгіёнах людзі па 100 еўра ў месяц зарабляюць, а калі маеш 200 еўра, то ўжо багаты чалавек. На Захадзе беспрацоўныя дапамогу атрымліваюць у некалькі разоў большую! А мы ж яшчэ і працуем 24 гадзіны ў суткі. Мы прыйшлі на рынак, калі нам было па 25 гадоў, калі закрыліся фабрыкі і заводы. Прыйшлі ад безвыходнасці. Што, пра гэта дзяржава не ведае? Яна не ведае, што ўсіх нас збіраюцца выкінуць на вуліцу? У Маскве наогул не хочуць нам ні дакументы даваць, ні спраў з намі мець. У іх пайшлі праверкі, а ім таксама не патрэбны нашыя праблемы. Мне патэлефанавалі з Масквы і сказалі: “Святлана, прабачце, але вы да нас лепш не прыязджайце больш”. Я магу прадаваць з дакументамі беларускія тавары, але ўзнікае іншае пытанне: “Хто ў мяне гэта купіць? І ці змагу я “адбіць” 15 мільёнаў арэнды на продажы беларускіх тавараў?»
РР: Як вы будзеце працаваць пасля 1 студзеня 2016 года?
Святлана Калачова: Я шчыра скажу – не ведаю. А таму напісала ўжо заяву, што, маўляў, магчыма, з 1 студзеня мне прыйдзецца скасаваць дамову аб арэндзе памяшкання ў гандлёвым цэнтры. Гарадскія ўлады заўлялі, што амаль 20 адсоткаў бюджэту Гомеля складаюць паступленні ад прадпрымальнікаў. Вось няхай чыноўнікі і круцяцца пасля самі, як хочуць. А можа мы чагосьці не разумеем са сваім слабым розумам? Мы ж усе, хто мае па дзве вышэйшыя адукацыі, недалёкія. А чыноўнікі – яны небажыцелі. Яны маюць стабільны заробак, і жывуць на другіх паралелях. Пачынаюць гаварыць пра сертыфікаты, кантрабанду. 18 гадоў я так працавала, дык раней была не кантрабанда? Ворагі народу патрэбны? Я не выключаю, што буйныя гандлёвыя сеткі чамаданамі хабар носяць, каб толькі чыноўнікі знішчылі канкурэнтаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя