Мікалай Статкевіч прапануе вылучыць кандыдатам у прэзідэнты палітвязня
Мікалай Статкевіч прапануе вылучыць палітвязня „адзіным кандыдатам” у прэзідэнты на выбарах у 2015 годзе. Жонка палітвязня Марына Адамовіч, якая падрыхтавала ліст Статкевіча і выклала яго на сайце statkevich.org, тлумачыць такую прапанову як жаданне зламаць традыцыйны выбарчы сцэнар улады.
– Што тычыцца кандыдатуры, то ён сказаў, што гэта можа быць любы чалавек, які не можа быць абраны, на думку нашай улады, якая сама выбірае для сябе супернікаў і рэалізуе сцэнары, якія сама ж для сябе піша. Ён казаў пра Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і, канешне, пра сябе як чалавека, які застаецца за кратамі і не падыходзіць да ўладнага сцэнару.
“Мэтай прэзідэнцкай кампаніі можа быць толькі перамога. Інакш, калі яшчэ можна ставіць такую задачу? Але магчымая і мінімальная мэта – забяспечыць перамогу ў найбліжэйшай будучыні, – піша ў сваім лісце Мікалай Статкевіч. – Дасягнуць гэтых мэтаў вельмі складана, бо рэальных выбараў у Беларусі даўно няма. У такіх умовах дасягнуць перамогі дэмакратыі магчыма толькі праз ціск на ўладу шляхам масавых акцый,” – дадае палітвязень.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belmarket.by