Парашэнка прапанаваў пачаць блакаду акупаванага Крыма



Прэзідэнт Украіны звярнуўся да ўрада з прапановай вывучыць пытанне аб спыненні грузавога транспартнага руху з Крымам.

Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе Пятра Парашэнкі.

Прэзідэнт Украіны звярнуўся да прэм’ер-міністра Арсеня Яцэнюка з лістом, у якім прапанаваў неадкладна стварыць працоўную групу для ўсебаковага аналізу пытання аб спыненні грузавога транспартнага руху і спынення тавараабароту з часова акупаванай тэрыторыяй Аўтаномнай Рэспублікі Крым і падрыхтоўкі праекта адпаведнай пастановы.

«Кіраўнік дзяржавы ў лісце ад 4 лістапада прапануе да прыняцця ўрадам названай пастановы забяспечыць часовае спыненне грузавога аўтамабільнага і чыгуначнага руху з часова акупаванай тэрыторыяй у абодва кірункі», – гаворыцца ў паведамленні.

Прэзідэнт Украіны адзначае, што адной з прыярытэтных задач органаў дзяржаўнай улады на сёння з’яўляецца вызначэнне мадэлі далейшых стасункаў Украіны з часова акупаванай тэрыторыяй Крыма.

«Апошнім часам істотна абвастрылася супрацьстаянне паміж грамадскімі актывістамі і акупацыйнымі ўладамі Крыма. Распачаты шэраг крымінальных спраў супраць ініцыятараў гандлёвай блакады Крыму. Ініцыятары бестэрміновай акцыі блакавання паставак украінскіх тавараў на Крымскі паўвостраў, якая пачалася 20 верасня гэтага года, патрабуюць цалкам спыніць гандлёвыя стасункі з акупаванай тэрыторыяй», – аргументуе ў лісце Парашэнка неабходнасць спынення грузавога транспартнага руху з акупаванага паўвострава.