У Беластоку хочуць паставіць помнік Раману Дмоўскаму



Помнік Раману Дмоўскаму – польскаму нацыяналістычнаму палітыку міжваеннага перыяду хочуць усталяваць у Беластоку.

Kwestia-Ukraińska-Roman-Dmowski

Рада горада падтрымала праект пастановы, падрыхтаванай сябрам Клуба Трускаляскага, Дарыюшам Васілеўскім.

Гарадскі радны прапануе пабудаваць помнік на Плошчы незалежнасці пры касцёле св. Роха:

— Плошча, вялікі касцёл… Плошча крыху недакончаная, крыху неўпарадкаваная. Горад мае планы, каб яе ўпарадкаваць і прыгожа ўпісаць у яе помнік і з архітэктурнага і з мастацкага гледзішча.

 

Раман Дмоўскі быў палітычным апанентам Юзэфа Пілсудскага, паслядоўна выступаў за стварэнне монанацыянальнай польскай дзяржавы, дэпартацыю габрэяў ды гвалтоўнае апалячванне немцаў і беларусаў. Лічыў, што Беларусь трэба разглядаць, як усходнюю тэрыторыю Польшчы. За ўсталяванне помніка галасавалі 20 радных.

Толькі адзін, Войцех Каранкевіч, з Саюза левых  дэмакратычных сілаў (SLD) галасаваў супраць:

— Я найбольш баюся лозунга: «Польшча — для палякаў». Таму я пра гэта прыводзячы ў прыклад цытаты Дмоўскага, якую любяць ініцыятары, што «Я паляк, таму мае абавязкі — польскія». Дык я б хацеў, каб гэтая цытата гучала так: «Я паляк, таму мае абавязкі — абавязкі прыстойнага чалавека».

Прыняццё пастановы па справе ініцыятывы пабудовы помніка гэта толькі палітычны жэст. Пакуль што прэзідэнт горада не будзе фінансаваць праект Аднак, сябры ініцыятыўнай групы плануюць увесь час збіраць подпісы за ўсталяванне помніка Дмоўскаму. Як падкрэслівае ініцыятар усталявання помніка Дарыюш Васілеўскі, неўзабаве пройдзе таксама конкурс на лепшы праект помніка.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: 3obieg.pl