Пра падатак на гіпатэтычныя пасылкі
Кепскаму танцору, як той казаў, самі-ведаеце-што перашкаджае. Так і нашым уладам: насельніцтва вінаватае, што валюты няма. А склады заваленыя, бо зноў-такі насельніцтва набывае імпартныя тавары. А цяпер вось новыя знойдзеныя ворагі. Імі аказаліся міжнародныя інтэрнэт-крамы. З гэтай нагоды старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч прапанаваў нават браць падаткі з кожнай пасылкі, якая прыходзіць з-за мяжы. Аказваецца, за першае паўгоддзе 2015 года жыхары Беларусі атрымалі 4 мільёны 400 тысячаў пасылак з таварамі з-за мяжы. Гэта ж падумаць: 4 мільёны 400 тысячаў. Гэта лічба, роўная амаль палове насельніцтва Сінявокай. А калі б гэта былі беларускія тавары. Колькі можна было б атрымаць грошай. А колькі з гэтых грошай розным дэпутатам з Савету Рэспублікі можна было лецішчаў пабудаваць. Ці новых аўтамабіляў прыдбаць.
Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч таксама падкрэсліў, што гэтыя 4 з гакам мільёны пасылак з таварамі з-за мяжы ацэньваюцца па 5-10 даляраў. Але рэальная іх цана — іншая. Таму бюджэт недаатрымлівае падаткаў. Вось дзіўна. А як Міхаіл Мясніковіч збіраецца даведвацца, пасылку даслаў сваяк які ці гандляр. І нават калі будзе дакладна вядома, што тавар набыты, хто будзе ацэньваць тавар. Адкрылі, напрыклад, пасылку, а там ляжаць майткі. Які спецыяліст будзе ацэньваць іх цану?!
Прапаноўваю Савету Рэспублікі не спыняцца на дасягнутым. І ўвесці падатак і для лістоў, атрыманых з-за мяжы. А раптам там таксама нешта перасылаецца. Якія грошы, да прыкладу. А за грошы, якія дасылаюцца з-за мяжы, трэба абавязкова падатак заплаціць. І ўвогуле, трэба з кожнага чалавека браць падатак за гіпатэтычную пасылку. А раптам хтосьці пасылку з-за мяжы атрымлівае за мяжой. А потым пра гэта не кажа. Гэта ж колькі грошай недаатрымоўвае бюджэт. Так што, наступны чарговы падатак ад нашых уладаў мусіць быць падатак на гіпатэтычныя пасылкі.