„Кошт шэнгенскіх візаў – гэта рэлікт халоднай вайны”
“Кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў – гэта рэлікт халоднай вайны, якая працягвалася 12 гадоў паміж Беларуссю і Еўразвязам”, – лічыць латвійскі еўрадэпутат, чалец делегацыі Еўрапарламенту па Беларусі Андрэй Мамікінс. “Канешне, гэты кошт трэба памяншаць, з часам уводзіць спрошчаны рэжым перасячэння мяжы”, – кажа еўрадэпутат.
– Або ўводзіць бязвізавы рэжым для памежных тэрыторыяў Еўрапейскага звязу, гэта ў асноўным Латвія, Літва, Беларусь і Польшча. З часам можна гаварыць і пра поўную адмену віз, але гэта вельмі далёкая перспектыва. Гэта тая несправялівасць, за якую плацяць і еўрапейскія, і ў большай ступені беларускія грамадзяне, маю на ўвазе такія высокія пошліны за візы. Гэта тое пытанне, якое стаіць па знешнепалітычнай службе Еўракамісіі на павестцы дня. Я ўпэўнены, што рана ці позна гэтыя пошліны будуць зніжаныя.
Мінулым летам аднавіліся перамовы Беларусі з Еўразвязам пра спрашчэнне візавага рэжыму. Еўрапейскія палітыкі прагназуюць, што ў выпадку пазітыўнага сцэнару, ужо будучай вясной консульскі збор можа патаннець.
Пакуль жа беларусы плацяць за шэнгенскія візы 60 еўра, у той час як жыхары Украіны і нават Расеі, якая знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу, аддаюць за права наведаць краіны Шэнгенскага пагаднення – па 35 еўра.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя