Еўразвяз павялічвае падтрымку незалежных расейскамоўных СМІ



“Незалежныя расейскамоўныя СМІ будуць атрымліваць больш фінансавай падтрымкі ад Еўразвязу. Альтэрнатыўныя расейскамоўныя крыніцы інфармацыі даюць магчымасць супрацьстаяць расейскай інфармацыйнай прапагандзе”. Пра гэта заявіў кіраўнік Еўрапейскага фонда за дэмакратыю Ежы Памяноўскі. “Але гэта не азначае, што падтрымка незалежных медыяў, якія працуюць на іншых мовах, будзе паменшаная”, – запэўнівае польскі палітык:

– Адносна нашых рэкамендацый па дакладу пра расейскамоўную медыяпрастору і расейскую прапаганду, мы гаворым, што асабліва незалежныя расейскамоўныя СМІ даволі слабыя. Таму зараз даём крыху больш грошай, чым проста на незалежныя СМІ. Але гэта не азначае, што незалежныя СМІ, якія маюць прадукт на сваіх мовах, не будуць падтрыманыя. Проста расейскамоўныя незалежныя СМІ былі кепска падтрыманыя апошнім часам і патрабуюць большай падтрымкі.

Сустаршыня стваранай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, які часта ўздымае тэму падтрымкі беларускіх незалежных СМІ ў Еўрапарламенце, не супраць большага фінансавання расейскамоўных медыяў, але толькі не за кошт беларускамоўных:

– На мой погляд, Еўразвязу трэба рабіць такія рэчы, то бок расейскамоўныя каналы, якія змагаюцца з прапагандай, але не за кошт дапамогі, напрыклад, Беларусі або Украіне. Таму што інакш атрымаецца механізм русіфікацыі.

 Таксама ў рамках супрацьдзеяння расейскай прапагандысцкай дэзінфармацыі, Еўразвяз запусціў штотыднёвы інфармацыйны бюлетэнь. Яго будуць складаць прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Еўразвязу, каб „паказаць грамадзянам ЕЗ велізарную колькасць дэзінфармацыйных нападаў, накіраваных на еўрапейскую аўдыторыю”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя