БДУ забараніў спектакль пра Браніслава Тарашкевіча



Упраўленне па справах культуры БДУ забараніла спектакль студэнцкага тэатру «На балконе» пра Браніслава Тарашкевіча. Творчы калектыў шукае для паказу новую сцэну.

12270382_10207124817112407_1886608199_n1

Прэм’ера спектаклю «Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў» прайшла ў студэнцкім тэатры БДУ 14 лістапада, другі раз спектакль паказалі 16 лістапада. Наступныя паказы былі запланаваныя на 18, 20 і 23 лістапада, але ўпраўленне культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту іх адмяніла.

«Для нас гэта вельмі важная праца, вельмі сакральная і для мяне, і для маіх актораў, я ведаю. Шкада, што лёс спектаклю атрымаўся такім. Але спектакль пра Браніслава, і таму ён вытрымае ўсе правакацыі і выпрабаванні. Нам не назвалі канкрэтную прычыну забароны спектаклю. Дакладна магу сказаць, што ў пастаноўцы мы нікога ня крыўдзім і не абражаем», – тлумачыць рэжысёр пастаноўкі Эльдар Бякіраў.

Цяпер творчы калектыў шукае новую сцэну, каб паказаць спектакль.

«Арт-Сядзіба» заклікае праявіць салідарнасць з творчай групай, дапамагаючы прыцягнуць увагу да забароненага спектаклю.

«Я аддаў тэатру «На балконе» больш за 6 гадоў, удзельнічаў у шматлікіх спектаклях і дапамагаў у арганізацыі фэсту «Тэатральны куфар». А цяпер мяне адтуль проста выганяюць як непатрэбны і адпрацаваныматэр’ял», – кажа Аляксей Сапрыкін, які ў спектаклі грае Браніслава Тарашкевіча.

IMG_4550

Браніслаў Тарашкевіч (1892 – 1938) – беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменнік-перакладчык. У 1918 годзе падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ». Праца лічыцца першай нармалізацыяй беларускага класічнага правапісу.

belsat.eu, паводле Artsiadziba.by

Фота: artsiadziba.by