Прэм’ер Францыі: Еўропа больш не можа прымаць бежанцаў
Прэм’ер-міністр Францыі Мануэль Вальс заявіў, што Еўропа больш не можа прымаць бежанцаў з Блізкага Усходу і павінна ўзмацніць ахову сваіх межаў.
„Гэта не азначае, што я крытыкую Нямеччыну. Германія зрабіла свой выбар, аднак яна павінна ўсведамляць усю адказнасць”, – адзначыў Мануэль Вальс у гутарцы з журналістамі.
Паводле яго слоў, Францыя і Бельгія павінны спыніць прыём мігрантаў па відавочных прычынах, перадае руская служба BBC.
Прэм’ер адзначыў, што Францыя мае намер выканаць сваё абавязацельства па прыёме да 30 тысяч бежанцаў у 2015-2016 гадах, аднак падкрэсліў, што французы ведаюць пра тое, што некаторыя выканаўцы тэрактаў у Парыжы 13 лістапада прыбылі ў краіну менавіта ў шэрагах мігрантаў.
„Гэта падымае праблему магчымасцяў Еўропы па кантролі за патокам бежанцаў і па рэалізацыі рашэнняў аб кантролі межаў …” – дадаў Вальс.
Напярэдадні стала вядома, што мігранты, якія захраснулі на мяжы паміж Грэцыяй і Македоніяй, зашылі сабе раты на знак пратэсту супраць немагчымасці працягнуць шлях далей у Еўропу.