На авіябазе ў Бабруйску Расея размесціць 12 самалётаў



На расейскай авіябазе ў Беларусі мяркуецца трымаць 12 самалётаў. Гэта прадугледжвае праект стварэння базы на аэрадроме ў Бабруйску. Акрамя самалётаў плануецца размясціць і 4 транспартна-баявыя верталёты Мі-8.

Такія лічбы назваў начальнік аператыўнага кіравання глаўкамата Паветрана-касмічных сілаў Расеі Аляксандр Ляпкін. Паводле яго словаў, склад расейскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя.

Ляпкін заявіў, што дакумент узгоднены з беларускім бокам і папрасіў беларускіх калег паскорыць правядзенне неабходных працэдураў па падрыхтоўцы пагаднення да падпісання. Адзначым, што пытанне аб размяшчэнні расейскай авіябазы ў Беларусі павінна было разглядацца на сустрэчы кіраўнікоў дзвюх краін 26 лістапада. Аднак пазней стала вядома, што візіт Лукашэнкі ў Маскву адкладзены.

У Міністэрстве абароны Беларусі не сталі даваць новых каментарыяў у сувязі з учарашняй заявай Аляксандра Ляпкіна пра тое, што дакумент аб размяшчэнні расейскай авіябазы ў Бабруйску узгоднены з Менскам. «Мы не каментуем ніякія заявы. Пазіцыя выкладзеная кіраўніком беларускай дзяржавы, і іншых заяў ваеннае ведамства не упаўнаважана рабіць », – адзначыў прэс-сакратар Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў. На ўдакладняючае пытанне, ці засталася пазіцыя Беларусі нязменнай, ён сказаў, што ніякіх каментароў не будзе, news.tut.by.

Фота news.uvaga.by