Расея мае рычагі ціску на Турцыю



Расея хутчэй за ўсё не пойдзе на ваенны канфлікт з Турцыяй, але будзе выкарыстоўваць іншыя рычагі ўціску, у тым ліку эканамічныя. Такое меркаванне выказвае вайсковы аналітык Аляксандр Алесін, каментуючы канфлікт са збіццём расейскага Су-24 блізу турэцка-сірыйскай мяжы.

big

Прыгадаем, што ў першай палове дня 24 лістапада Турцыя збіла расейскі вайсковы самалёт, заявіўшы, што ён парушыў яе паветраную прастору. Расея ў сваю чаргу абвергла гэтую заяву, а прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін назваў інцыдэнт “ударам у спіну”.  Сярод рычагоў ціску на Турцыю, Расея ўжо заявіла пра небяспеку тэрарызму ў гэтай краіне, што паўплывае на турыстычны паток. Аляксандр Алесін прагназуе і паразу шэрагу буйных сумесных праектаў паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі:

Там падводны газаправод ды атамная электрастанцыя ў Турцыі, магчыма, што гэтыя праекты не рэалізуюцца. Потым Турцыю пазбавяць перавагаў на рынку Расеі, як інвестыцыйным, так і на рынку гандлю таварамі. І галоўнае – гэта падтрымка курдскай меншасці, курдскіх нацыяналістаў. Гэтая падтрымка з боку Расеі будзе і вайсковая, і дыпламатычная, і палітычная, і эканамічная.

Калі Расея возьмецца за “курдскае пытанне” – то гэта сур’ёзная пагроза для бяспекі Турцыі, дадае эксперт, які не выключае, што канфлікт можа адбіцца і на Беларусі.  Аляксандр Алесін адзначае, што блок НАТО салідарызаваўся з Турцыяй, якая напярэдадні збіла расейскі самалёт Су-24. Пуцін жа ў якасці „антынатаўскага кроку” можа фарсіраваць пытанне стварэння сваёй авіяцыйнай базы на тэрыторыі Беларусі – адзначае эксперт:

Рычагом ён можа выкарыстаць эканамічную залежнасць Беларусі ад Расеі, якая апошнім часам, у святле эканамічнага крызісу, значна пабольшала. Вырашаецца пытанне пра цану расейскай нафты для Беларусі ды аб’ёмы пастаўкі, а таксама пра нафтавыя пошліны. І ў Расеі ёсць сур’ёзны рычаг, каб надавіць на Лукашэнку.

Цалкам гутарка з экспертам у далучаным гукавым файле:

Паводле апошняй інфармацыі, на авіябазе ў Бабруйску Расея размесціць 12 самалётаў, а таксама чатыры транспартна-баявыя верталёты Мі-8. Такія лічбы назваў прадстаўнік Паветрана-касмічных сілаў Расеі Аляксандр Ляпкін. Паводле яго, склад расейскай авіябазы ды яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацверджаныя. Пытанне вайсковай базы мелі на гэтым тыдні абмяркоўваць Пуцін і Лукашэнка ў Маскве, але гэты візіт кіраўніка Беларусі пакуль адкладзены.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.

Фота m.kp.ru